Субота, 07 Жнівень 2021

Віцебскі суд прызнаў «Чорную кнігу артыстаў Беларусі» экстрэмісцкай

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

5 жніўня прэс-сакратар МУС РБ Вольга Чамаданава паведаміла, што пастановай суду Чыгуначнага раёну Віцебску інфармацыйны рэсурс «Чорная кніга артыстаў Беларусі / Белая кніга артыстаў Беларусі» прызнаны экстрэмісцкім. Падставай для такога рашэння сталі матэрыялы праверкі ўпраўлення ГУБОПіК МУС па Віцебскай вобласці.

Акрамя таго ў спіс экстрэмісцкіх рэсурсаў унесеныя Telegram-каналы «Віцебск. Я гуляю! / Навіны Віцебску», « Live Віцебск, я гуляю!», а таксама іх старонкі ў сацыяльных сетках.

Паводле МУС, у гэтых супольнасцях былі апублікаваныя наўпроставыя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, скіраванай на дэстабілізацыю грамадскага парадку.

Нагадаем, паводле існага заканадаўства, наступствамі распаўсюду (рэпосту) інфармацыі з экстрэмісцкіх крыніцаў з’яўляецца прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ці арышту.

Ян Сведка