Супрацоўнікі Першамайскага РАУС склалі на журналіста два пратаколы – за два артыкулы, апублікаваныя ў лютым на сайце belsat.eu. На пачатку першага судовага паседжання Зміцер Казакевіч хадайнічаў, каб справы аб'ядналі ў адну, бо яны аднолькавыя па сутнасці. Але суддзя Андрэй Шыдлоўскі хадайніцтва не задаволіў.
Паводле першага пратаколу, 2 лютага Казакевіч, выконваючы функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі ў МЗС, «злоўжываючы правамі і з парушэннем абавязкаў журналіста», незаконна стварыў матэрыял пад назвай «Выкладчыка віцебскага ўніверсітэту звольнілі за бел-чырвона-белыя фіранкі на акне», які быў размешчаны на сайце Белсату.
Журналіст сваёй віны не прызнаў, сцвердзіўшы, што адміністрацыйны пераслед у дачыненні да яго вядзецца выключна з палітычных прычын.
Падчас судовага паседжання журналіст цытаваў вытрымкі з раману Джорджа Оруэла «1984»: «Свабода – гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры. Як толькі гэта будзе гарантавана, усё астатняе прыйдзе само сабой».
«Абвінавачваюць мяне толькі таму, што цягам многіх гадоў я спрабую казаць, што двойчы два – чатыры, а не пяць і не шэсць», – сказаў на судзе Казакевіч.
Якія-небудзь тлумачэнні па сваёй справе даваць адмовіўся.
«Бо сорамна мне нешта зараз тлумачыць і бараніцца, калі за кратамі знаходзяцца больш за 10 маіх калег, у тым ліку журналісткі Белсату Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева», – заявіў журналіст.
Нагадаў таксама, што ў Беларусі на сёння 291 палітзняволены.
Суддзя Шыдлоўскі пастанавіў прызнаць Змітра Казакевіча вінаватым і аштрафаваць яго на 30 базавых велічынь. Гэта максімальны штраф, прадугледжаны арт. 23.5 КаАП. Столькі ж, але за іншы артыкул на сайце, прысудзіла журналісту і суддзя Вераніка Барысава.
Зміцер Казакевіч збіраецца абскардзіць судовыя рашэнні.
Уладзімір Бяляўскі