Жыхара Наваполацку, студэнта ПДУ асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віталь Лапко, суддзя Наваполацкага гарадскога суду, прызнаў хлопца вінаватым паводле ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне або іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадкаў»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, каб пазбегнуць распаўсюду звестак пра метады грамадскага супраціву.

У судзе Полацка и Полацкага раёна 4 красавіка вынесены прысуд жыхарцы вёскі Дуброўны Любові Цвярдовай. 60-ці гадовую жанчыну абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Віктар Баліка і пакараў Цвярдову 4 гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і вялікім штрафам.

Пробашча рыма-каталіцкай парафіі святога Апостала Андрэя ў Лынтупах ксяндза Аляксандра Барана 4 красавіка асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Нагадаем, 6 сутак святар ужо правёў за кратамі, таму засталося адбыць яшчэ 4 сутак. На свабоду ён павінен выйсці 8 красавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую католікі адзначаць 10 красавіка.

17 сакавіка суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Мікалай Атрахімавіч спыніў адміністрацыйную вытворчасць у дачыненні да былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага па артыкуле 19.1 (Дробнае хуліганства) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Суддзя палічыў, што міліцыі не ўдалося даказаць вінаватасць Жамчужнага ў здзяйсненні хуліганскага ўчынку. Калі доказы прысутнічалі, то абвінавачанаму пагражаў бы адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак. Прысуд уступіў у законую моц.

Артыкул з глыбакадумнай назвай «Искусство – не всегда искусство, а в некоторых случаях – это преступление» быў надрукаваны ў газеце «Полацкі веснік». Суддзя суду Полацку і Полацкага раёну вырашыў распавесці, за што ён аштрафаваў дзвюх дзяўчат з г.п. Ветрына. На ягоную думку, Святлана Фірсава і Вольга Трунова «абражалі пачуцці грамадзянаў», дэманструючы «пагарду да маральных каштоўнасцяў».