Нагадаем, прафсаюзная пяршоўка ААТ «Полацак-Шкловалакно» ўжо працяглы час змагаецца супраць дыскрымінацыйнага палажэньня ў калектыўнай дамове. На думку сяброў Свабоднага прафсаюзу, такім дыскрымінацыйным палажэньнем зьяўляецца пункт калдамовы, згодна зь якім для таго, каб звольніць з прадпрыемства сябра праўладнага «Белхімпрафсаюзу», неабходная згода прафсаюзу, а для звальненьня сябра Свабоднага прафсаюзу ніякай згоды не патрабуецца – дастаткова толькі паведаміць прафсаюзу пра прынятае рашэньне аб звальненьні работніка.
Суды – пачынаючы з гарадзкога і аж да Вярхоўнага і Канстытуцыйнага – ня раз адмаўляліся прызнаць факт дыскрымінацыі. 18 жніўня у Полацкім гарадзкім судзе адбыўся разгляд чарговага пазову старшыні прафсаюзнай пяршоўкі супраць ААТ «Полацак-Шкловалакно» – па наноў адкрытых абставінах: больш як год таму Полацкі суд адмовіўся разглядаць па сутнасьці аналягічную справу і парэкамэндаваў Стукаву для ліквідацыі дыскрымінацыі зьвярнуцца ў «Белхімпрафсаюз».
Рэкамэндацыя суду была выкананая, але без станоўчага выніку. А тым часам з 1 жніўня бягучага году ўступіла ў сілу новая калектыўная дамова, у якой дыскрымінацыйны пункт захаваўся на сваім месцы. Згаданыя акалічнасьці і сталіся нагодай, каб зноў зьвярнуцца ў суд «па наноў адкрытых абставінах». Аднак суд Полацку застаўся на сваіх ранейшых пазыцыях і вынес вызначэньне: «Адмовіць Стукаву Віктару Якаўлевічу ў пераглядзе па наноў адкрытых абставінах вызначэньня суду Полацкага раёну і г. Полацку ад 19 сакавіка 2013 году».
«Хаця працоўны кодэкс канкрэтна дае дазвол работніку зьвярнуцца ў суд, калі ён лічыць, што падвергнуўся дыскрымінацыі, тым ня менш ужо больш як паўтара года Полацкі суд і ўсе суды, якія мы прайшлі, адмаўляюцца разгледзець факт дыскрымінацыі на ААТ “Полацак-Шкловалакно”», – наракае Віктар Стукаў.