Звесткі пра колькасць судоў узятыя з адкрытых крыніц. Іх аналіз дазваляе зрабіць высновы, што пад увагу сілавых структур трапілі супрацоўнікі прадпрыемстваў элекатрасетак. І на гэтым тыдні ў ліку тых, каго судзілі па палітычных «адміністратыўках», - каля дзясятка прадстаўнікоў гэтай галіны.
4 лістапада ў судзе Глыбоцкага раёна судзілі некалькі прадстаўнікоў глыбоцкіх элекатрасетак, 5 лістапада суды над «электрыкамі» у райцэнтры працягваліся, у гэты і наступны дзень пад судовы пераслед трапілі і работнікі полацкіх электрасетак.
Цягам гэтага тыдня судзілі трох прадстаўнікоў сферы адукацыі і працы з моладдзю. Гэта настаўніца аршанскай гімназіі Наталля Сізінцава, маці незалежнага журналіста Арцёма Сізінцава; выхавальніца групы падоўжанага дня Лёзненскай школы Галіна Красавіна; кіраўнік секцыі авіямадэлізму Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Аляксандр Гапанёнак. На ўсіх траіх былі складзены пратаколы за «распаўсюд экстрмізму» у інтэрнэце.
Найбольшая колькасць судоў на гэтым тыдні была зафіксавана ў Полацку. Тут 6 лістапада па палітычных «адміністратыўках» судзілі 5 чалавек: дваіх - паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП, а яшчэ траіх -- не толькі за «распаўсюд экстрэмізму», але і за «несанкцыянаванае пікетаванне» ў інтэрнэце – паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП.
5 лістапада ў Лепелі згадалі практыку «паказальных судоў». Старшыня Депельскага райсуда Міхаіл Юрчанка разбіраў справы, распачатыя супраць мясцовага жыхара Юрыя Паршко таксама адразу па двух адміністрацыйных артыкулах: паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП і ч.1 арт. 24.23 КаАП. Суд праводзілі па месцы працы падсуднага, у мясцовым філіяле РУП «Белтэлеком».
6 лістапада суд Пастаўскага раёна разбіраў справы сямейнай пары - Аллы і Генадзя Дзямідка. Абодвух судзілі за «распаўсюд экстрэмізму». Генадзю 59 гадоў, ён свядомы прыхільнік беларускай мовы і беларускай гісторыіі краязнаўства. Яго жонка мае інваліднасць з прычыны хваробы апорна-рухальнага апарата, перасоўваецца ў вазку.
Міхаіл Рогаў