Дырэктарку глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Святлану Сташкевіч і яе намесніцу па адміністратыўна-гаспадарчай частцы Наталлю Баравік судзіў Аляксандр Аляксеенка. Рашэнні судоў пакуль не вядомыя, у тым ліку і ў дачыненні да дзейнай дэпутаткі Інны Селезень.
Такім чынам, «выкрывальніцкая» дзейнасць карных структур працягваецца і пасля масавага "хапуна" ў Глыбокім у сярэдзіне верасня. Тады Telegram-канал @guBAZA, паказаўшы «пакаяльныя» відэа з затрыманымі, зрабіў пагрозлівую заяву: «Благодаря силовикам вся бчб-нечисть, засевшая даже в гос. учреждениях, будет полностью выведена».
Вышук «інтэрнэт- экстрэмістаў» працягваецца і ў іншых рэгіёнах Віцебшчыны. Пад міліцэйскі і судовы пераслед трапляюць самыя розныя людзі. Так, 1 кастрычніка ў Чашніцкім райсудзе разбіраюць справу, распачатую паводле ч.2 арт.19.11 КаАП супраць Сяргея Крупіна. Ён працуе ў намеснікам дырэктара - галоўным інжынерам унітарнага прадпрыемства ЖКГ «Камунальнік» г. Навалукомля. Мужчына на мінулых выбарах балатаваўся ў Чашніцкі райсавет, але не прайшоў.
Гэтаксама 1 кастрчніка «за распаўсюд экстрэмізму» у Віцебску судзяць былую лекарку, 63-гадовую пенсіянерку Ірыну Атрашчонак. У горадзе яе ведаюць яшчэ і як удзельніцу вядомага самадзейнага танцавальнага ансамбля "Витебские девчата". Яе справу па ч.2 арт.19.11 КаАП ў судзе Першамайскага раёна Віцебска разбірае суддзя Вольга Клімкова.
Аксана Шэмет