Панядзелак, 06 Красавік 2015

Сяргей Рыжоў прысуджаны да шасьці з паловай гадоў калёніі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску да шасьці з паловай гадоў калёніі строгага рэжыму прысуджаны ўдзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году Сяргей Рыжоў.

Рыжова абвінавачвалі ў хуліганстве падчас знаходжаньня ў выцьвярэзьніку. Яго судзілі за дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да мужчыны бяз пэўнага месца жыхарства. Галоўным доказам супраць Сяргея Рыжова праваахоўнікі называлі здымкі відэакамэраў, усталяваных у выцьвярэзьніку. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Паводле інфармацыі сайту freeregion.info, прысуд быў абвешчаны 3 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску. «Пракурор прасіў 7 гадоў пазбаўленьня волі. Прысудзілі паводле арт. 167 ч. 1 – 5 гадоў, паводле арт. 339 ч. 1 – 2 гады, праз частковае складаньне налічылі агульны тэрмін – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, а таксама на карысьць аднаго з пацярпелых кампэнсацыю маральнай страты 15 мільёнаў, плюс кампэнсацыя судовых выдаткаў», – гаворыцца на сайце.

Сяргей Рыжоў быў затрыманы 23 студзеня ў Віцебску. За некалькі дзён да гэтага ён вярнуўся з Расеі, дзе прабыў больш як год. Варта зазначыць, што яго затрыманьне адбылося на наступны дзень пасьля таго, як ён заявіў пра свой намер браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. 22 студзеня Рыжоў расказаў БелаПАН, што ствараецца ініцыятыўная група па вылучэньні яго кандыдатам у прэзыдэнты.

Апрача таго, ён паведаміў, што разам са сваёй даверанай асобай віцебскім лекарам Ігарам Пастновым накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з прапановай ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, каб не дапусьціць разьвіцьця падзеяў па ўкраінскім сцэнары. Калі Лукашэнка ўсё ж будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта, будзе арганізаваная кампанія байкоту выбараў з правядзеньнем страйкаў, мітынгаў і акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня, заявіў Рыжоў.

Ён таксама распавёў пра існаваньне кансэрватыўнай партыі «Белая Русь», ініцыятарам стварэньня якой выступіў у 2011 годзе. «Гэтая партыя дзейнічае ў Беларусі і Расеі. Яшчэ ў 2011 годзе было абвешчана, што яна ня будзе праходзіць афіцыйнай рэгістрацыі, бо мы не прызнаем легітымнасьць прэзыдэнта і не зьбіраемся пытацца ў яго дазволу», – сказаў Рыжоў.

На момант удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году Сяргей Рыжоў працаваў на Віцебскім садавінагародніным камбінаце на пасадзе начальніка сэктару зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Ініцыятыўная група Рыжова не змагла набраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзыдэнты. Неўзабаве пасьля гэтага Рыжоў страціў працу.

belapan.com