Субота, 19 Лістапад 2022

Палітвязня блогера Дзмітрыя Цімафеева пераводзяць з "хіміі" ў калонію

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Судзе Чыгуначнага раёна Віцебска 16 лістапада разглядзеў справу аб змене пакарання палітзняволенаму блогеру Дзмітрыю Цімафееву на больш жорсткае і пастанавіў перавесці палітвязня з папраўчай установы адкрытага тыпу ў папраўчую калонію тэрмінам на 3,5 месяцы. 51-гадовага баранавіцкага блогера Дзмітрыя Цімафеева 17 лютага 2021 года асудзілі да двух гадоў "хіміі" за абразу начальніка аддзела ДАІ Бабруйскага гарвыканкама Віталя Паддубскага.

Цімафеева накіравалі адбываць у віцебскую ПУАТ-9 ад 17 чэрвеня 2021 года. На чацвёрты дзень знаходжання ва ўстанове Дзмітрыя паставілі адразу на два прафулікі: "схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці" і "схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў".

Таксама Дзмітрыю была выдана забарона на выхад з ПУАТ, таму ён самастойна не мог нават наведваць краму і вымушан быў або прасіць людзей, каб яны купілі прадукты, або рабіць "дастаўку" з крамы. З чэрвеня гэтага года Дзмітрыя ўтрымлівалі ў ШІЗА мінімум 73 дні, 60 з якіх амаль бесперапынна. Штрафны ізалятар знаходзіцца ў ІЧУ г. Гарадок. 

Дзмітрый на судзе выказаў меркаванне, што адміністрацыя калоніі вельмі прадузята да яго ставіцца, таму бесперапынна выпісваюць спагнанні і рознымі спосабамі ціснуць на яго.

Але суддзя Алена Грэбянчук не паверыла довадам палітвязня і прыняла рашэнне аб узмацненні Дзмітрыю Цімафееву пакарання і змяніў абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ на пазбаўленне волі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры с паловай месяцы.

Віталь Кажух