Пятніца, 02 Верасень 2022

Cуд Наваполацку вырашыў канфіскаваць ноўтбук памерлага, якога збіраліся судзіць за абразы чыноўнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Наваполацкі суд спыніў крымінальную справу, распачатую супраць мясцовага жыхара паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады) – праз тое, што падсудны памёр. Ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, але суду не дачакаўся. Тым не менш, суд пастанавіў канфіскаваць ноўтбук памерлага, з якога, паводле версіі абвінавачвання, былі пакінутыя абразлівыя каментары, адрасаваныя чыноўнікам.

Паводле следства, навапалачанін пакінуў тры каментары на адрас прадстаўнікоў улады ў Telegram, маючы свядомы намер іх абразіць. Каментары былі напісаны з узгадкамі дзвюх жанчын- чыноўніц і аднаго мужчыны. Згодна з высновамі лінгвістычнай экспертызы, выказванні ўтрымлівалі непрыстойныя і брыдскаслоўныя выразы, былі выкладзены ў грубай і лаянкавай форме, негатыўна ацэньвалі чыноўнікаў, прыніжаючы аўтарытэт, гонар і годнасць асобаў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.

Сваякі памерлага падалі заявы аб згодзе са спыненнем вытворчасці па крымінальнай справе. Падчас следства ноўтбук і мабільны тэлефон абвінавачанага знаходзіліся пад арыштам. Суд спыніў справу ў сувязі са смерцю абвінавачанага, але вырашыў канфіскаваць ноўтбук памерлага, з якога, паводле версіі абвінавачвання, былі пакінутыя каментары. Мабільны тэлефон пастанавілі вярнуць спадчыннікам.

Міхась Хмара