Чацвер, 18 Жнівень 2022

Пяць гадоў пазбаўлення волі прысудзілі жыхару аграгарадка Друя Браслаўскага раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Такое пакаранне прызначыла суддзя Віцебскі абласны суд Галіна Бондал 10 жніўня 38-гадоваму Роберту Кузняцову. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Падчас судовага следства было ўстаноўлена, што абвінавачаны Кузняцоў у жніўні 2021 года размясціў у сетцы Інтэрнэт каментары і графічныя матэрыялы, якія змяшчаюць заклікі да ўзбуджэння сацыяльнай варожасці і варажнечы, захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, а таксама абразы ў адрас кіраўнікоў Беларусі і Расеі.

У лістападзе 2021 года ён размясціў у сетцы Інтэрнэт абразлівыя фотавыявы дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і каментары да яго.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў Віцебскі абласны суд прызнаў жыхара Браслаўскага раёна вінаватым у здзяйсненні вышэйзгаданых дзеянняў і па сукупнасці злачынстваў яму прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Іван Чайка