Пятніца, 05 Чэрвень 2015

Абласны суд не задаволіў скаргу актывіста аргкамітэту БХД з Аршаншчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сваёй пастановай ад 4 чэрвеня калегія Віцебскага абласнога суду ў складзе судзьдзяў Тацьцяны Матушайкес, Натальлі Хількевіч і Ніны Сазонавай, разгледзеўшы касацыйную скаргу старасты вёскі Стаўры Ігара Грышанава на рашэньне суду Аршанскага раёну і гораду Воршы наконт зносу кіраўніцтвам Аршанскай птушкафабрыкі будынку вясковага клюбу, пакінула яго ў сіле.

Дзеяньні кіраўніцтва птушкафабрыкі, якое зьнсла «лядашчы» будынак клюбу, капітальны рамонт якога быў у 2013 годзе, актывіст сьпярша намагаўся аспрэчыць у раённым судзе, але праўды дамагчыся там не ўдалося. Суд спаслаўся на тое, што пазоўнік не скарыстаўся нормай закону, якая давала яму магчымасьць абскардзіць дзеяньні адказчыка ў судовым парадку ў месячны тэрмін – гэты тэрмін быў прапушчаны. Грышанаў прасіў суд аднавіць прапушчаны тэрмін, але хадайніцтва пра гэта задаволенае не было.

Цяпер абласны суд пацьвердзіла рашэньне раённага суду: на думку судзьдзяў судовай калегіі падставаў для скасаваньня рашэньня, вынесенага судом ніжэйшай інстанцыі, няма.

Перад пачаткам слуханьняў у аблсудзе Ігар Грышанаў хадайнічаў пра далучэньне да матэрыялаў справы фотаздымкаў клюбу, на якіх відаць, што будынак знаходзіўся ў добрым стане і мог бы не адно дзесяцігодзьдзе быць задзейнічаны па сваім непасрэдным прызначэньні. Гэтаксама да матэрыялаў справы былі далучаныя і фотаздымкі мерапрыемстваў, што ладзіліся ў ягоных сьценах. Адзін са здымкаў адлюстроўваў вядомы на ўсю Аршаншчыну мясцовы фальклёрны калектыў «Гаспадынька», які там ня толькі выступаў, але і праводзіў свае рэпэтыцыі.

Адстойваючы ўласнае права і права сваіх аднавяскоўцаў на далучанасьць да культурнай сфэры, адной са складовых частак якой клюб і зьяўляўся, стараста вёскі Стаўры, даючы тлумачэньні па сутнасьці справы, распавёў: «У будынку сельскага Дому культуры ладзіліся сустрэчы з дэпутатамі, мясцовымі чыноўнікамі; праводзіліся вясковыя сходы, канцэрты; спыняліся падчас свайго наведваньня мэдыкі, якія рабілі агляд наведвальнікаў; у клюб прыяжджалі артысты. А зараз, чатыры дні таму, на Дзень вёскі канцэрт ладзіўся наўпрост на дварэ. Надоечы прыяжджалі лекары і праводзілі агляд на лаўцы, каля маёй сядзібы. Прыйшлося запрасіць людзей дадому, рассадзіць на ложках. Раней ўсё гэта праводзілася ў клюбе. Дык што клюб жыцьцёва неабходны нашай вёсцы. Мы хочам захоўваць свае звычаі і традыцыі. Двойчы на год я прывожу сьвятара – на Вялікдзень і Вадохрышча. Раней, калі надвор’е не дазваляла, мы мелі магчымасьць перайсьці ўсе ў клюб, цяпер гэтай магчымасьцю ўжо не скарыстацца. А ў вёсцы на цяперашні момант жыве шэсьцьдзесят шэсьць чалавек, а з тымі, хто прыяжджае на свае лецішчы, – ажно сто сем».

Падчас судовага паседжаньня чальцы абласной калегіі судзьдзяў выказалі цікаўнасьць да акалічнасьцяў, зьвязаных з капітальным рамонтам клюбу, праведзеным у 2013 годзе на сродкі раённага аддзелу культуры. Адказваючы на іх пытаньне, спадар Грышанаў патлумачыў: «У 2013 годзе аддзел культуры закупіў будматэрыялы, дошкі, засыпалі столь, нанова перакрылі дах, памянялі падлогу, аздобілі сьцены – вялікія грошы ўклалі. Цалкам яго адрамантавалі, стала чысьценька, акуратненька. З 2000 году будынак на балянсе птушкафабрыкі. Хаця ніякіх дакумэнтаў на будынак клюбу не было, але на працягу чатырнаццаці гадоў ён здаваўся ў арэнду аддзелу культуры і нехта, відаць, атрымоўваў за гэта добрыя барышы. Людзі абураныя існаваньнем у раёне гэткіх карупцыйных схемаў. Адстойваючы свае правы, я спадзяваўся, што мой зварот у суд дасьць магчымасьць спагнаць з аршанскай птушкафабрыкі мільярд рублёў на пабудову новага Дома культуры для вяскоўцаў».

Пры канцы свайго выступу перад судзьдзямі Ігар Грышанаў выказаў спадзяваньне на разуменьне чальцамі судовай калегіі сутнасьці справы і веру ў справядлівасьць іхнага вэрдыкту, бо клюб быў для вяскоўцаў нібыта царквой: «Такім чынам, была разбураная сьвятыня нашай нацыянальнай культуры. Гэтым прайдзісьветам, злачынцам трэба ўсё панішчыць і зьехаць за мяжу», – заявіў вясковы стараста.

Аднак пранікнёныя словы Ігара Грышанава не расчулілі судзьдзяў абласнога суду, якія не задаволілі ягоную скаргу.

«Вялікай надзеі на станоўчае вырашэньне нашай праблемы ў мяне не было , – пракамэнтаваў Ігар Грышанаў рашэньне абласнога суду, – бо на сёньняшні дзень баль у гэтай краіне правяць тыя, у каго грошы і ўлада. Увесь гэты судовы працэс засьведчыў сумную ісьціну: нашы звычаі і традыцыі ім не патрэбныя. І ніхто ня змусіць іх дбаць пра перадачу нацыянальных здабыткаў нашым нашчадкам. Наша грамадзтва хворае, і ўлада ў гэтых умовах асабліва шчыруе: трэба зьнесьці – зьнесьлі, трэба здаваць у арэнду без аніякіх дакумэнтаў – калі ласка!»

Віцебская вясна