Варта зазначыць, што Ціна Палынская сама знішчыла той каментар, зазначыўшы ў Фэйсбуку, што яна вельмі шкадуе, калі кагосьці абразіла. Але рэпрэсіўная машына пачала набіраць хаду – міліцыя перадала матэрыялы ў суд. Працэс распачаўся 17 чэрвеня, аднак да выраку не дайшло: справу было вырашана адправіць на дапрацоўку ў міліцыю, бо з дакументаў немагчыма было зразумець, што канкрэтна парушыла журналістка. У пачатку ліпеня стала вядома, што ў міліцыі справу скасавалі. Забраную тэхніку вярнулі гаспадыні.
Што да праверкі, якую праводзіў СК, то на падставе высноваў лінгвістычнай экспертызы было вырашана не распачынаць супраць журналісткі крымінальную справу. Рашэнне следчых падтрымала і пракуратура, азнаёміўшыся з усімі матэрыяламі. Пра гэта следчы паведаміў Ціне Палынскай, прыйшоўшы да яе дахаты. «Вы признали, что мое дело не было делом. И закрыли его. Сами стукнули ногой по вашей песчаной горке и сказали «рассыпься», – напісала жанчына ў Фэйсбуку.
Паводле журналісткі, у пошуках яе вінаватасці быў упустую задзейнічаны чалавечы і прафесійны рэсурс: прыкметаў парушэння заканадаўства шукалі міліцыя, суд, следчы камітэт, эксперты-лінгвісты, а потым высновы рабіла пракуратура. Самой Ціне Палынскай давялося праз адсутнасць кампутара часова спыніць працу і страціць магчымасць зарабляць грошы. А ўсё гэта праз адсутнасць сапраўднай свабоды меркаванняў, якой практычна не засталося ў Беларусі.
Міхась Хмара