Пятніца, 25 Сакавік 2022

Полацкі суддзя Баліка напісаў артыкул пра сваіх падсудных, якіх аштрафаваў за «белыя і чырвоныя палосы»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Артыкул з глыбакадумнай назвай «Искусство – не всегда искусство, а в некоторых случаях – это преступление» быў надрукаваны ў газеце «Полацкі веснік». Суддзя суду Полацку і Полацкага раёну вырашыў распавесці, за што ён аштрафаваў дзвюх дзяўчат з г.п. Ветрына. На ягоную думку, Святлана Фірсава і Вольга Трунова «абражалі пачуцці грамадзянаў», дэманструючы «пагарду да маральных каштоўнасцяў».

Што праўда, у артыкуле вядзецца збольшага пра каштоўнасці матэрыяльныя. У прыватнасці, пра тое, што дзяўчаты «нанеслі на пабудовы і іншую маёмасць у г.п. Ветрына гарызантальныя палосы белага і чырвонага колераў у форме бел-чырвона-белага сцяга», і што на асфальце яны «нанеслі надпісы, якія выкарыстоўваліся ў якасці лозунга ў часе Вялікай Айчыннай вайны калабарцыянісцкімі арганізацыямі і іншымі асобамі, лаяльнымі да нямецкіх акупацыйных уладаў». Таксама яны наклейвалі наклейкі ў форме бел-чырвона-белага сцяга, і сваімі дзеяннямі «знізілі эстэтычныя характарыстыкі дзяржаўнай маёмасці» і дадалі працы камунальнікам, якіх кіраўніцтва змусіла ліквідаваць наступствы.

Сцверджанні суддзі Віктара Балікі пра абразу пачуццяў грамадзян не маюць пад сабой ніякіх абгрунтаванняў: ніхто з жыхароў Ветрына не звяртаўся ў міліцыю, каб знайсці і пакараць «абражальнікаў». Па сутнасці, у артыкуле  «Искусство – не всегда искусство, а в некоторых случаях – это преступленіе» суддзя паўтарыў пасажы з матывацыйнай часткі сваёй жа пастановы. Адзінае адрозненне – гэта згадка пра мастака Казіміра Малевіча і ягоны твор «Чорны квадрат», каторы пачуцці грамадзянаў не абражаў, хаця і з гэтай высновай суддзі мастацтвазнаўцы могуць паспрачацца…

4 лютага Святлана Фірсава і Вольга Трунова былі аштрафаваны на 200 і 190 базавых велічынь адпаведна. Некалькі дзён таму праваабаронцам стала вядома, што Святану Фірсаву затрымалі за каментар, зроблены ёй пад прамовай Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў 2021 годзе.

Падобна, рэдакцыя газеты «Полацкі веснік» вырашыла выкрываць «ідэйных ворагаў» яшчэ больш імпэтна, чымсьці гэта зрабіў суддзя Віктар Баліка. Следам за ягоным допісам на інтэрнэт-сайце выдання з’явіўся артыкул  “Пандемия коричневой чумы. Реинкарнация и парад неонацизма на постсоветском пространстве сродни эпидемии”. Аўтар яго не пазначаны, а сам опус уяўляе сабой падборку выказванняў пра «гістарычнае бяспамяцтва», «рэабілітацыю крывавых мяснікоў», «спробы заразіць карычневай чумой наша грамадства» і «украінскіх неанацыстаў» і ўрэшце «дэнацыфікацыю калектыўнага Захаду». Наўрад ці выпадкова, што гэта артыкул невядомага аўтара выйшаў менавіта ў Дзень Волі, 25 сакавіка».


Андрэй Кот