Пятніца, 01 Кастрычнік 2021

Пракурорка запатрабавала два гады «хіміі» для віцябляніна, які абразіў даішніка

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

1 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску прайшло другое паседжанне ў справе 50-гадовага віцябляніна Аляксандра Шматава, абвінавачанага паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Як і першае, паседжанне прайшло без удзелу пацярпелага старшага лейтэнанта ДАІ Ігара Вольніча. Міліцыянт у пісьмовай форме патлумачыў, што адсутнічае ў сувязі з «аб’ектыўнымі службовымі абставінамі».

Шматаў пагадзіўся на 1000 рублёў кампенсацыі

Суддзя Наталля Карабліна агучыла паказанні Ігара Вольніча, дадзеныя падчас папярэдняга следства, і пазоўную заяву да абвінавачанага Шматава аб кампенсацыі прычыненай маральнай шкоды. Інспектар ганцавіцкага ДАІ ацаніў нанесеныя яму маральныя пакуты і прыніжэнне гонару і годнасці ў 1500 рублёў.

Аляксандр Шматаў пагадзіўся выплаціць грашовую кампенсацыю, але папрасіў суд зменшыць яе да 1000 рублёў. На пытанні суддзі адказаў, што грошай катастрафічна не хапае, бо даглядае хворую маці, якой штомесяц неабходна купляць лекі, а ягоны працоўны заробак складае не больш за 400 рублёў. Да таго ж паведаміў пра неабходнасць штомесячнага пагашэння банкаўскага крэдыту і пра тое, што ніякіх грашовых зберажэнняў не мае.

Пракуратура патрабуе 2 гады «хіміі»

Пракурорка прыйшла да высновы, што віна абвінавачанага знайшла сваё поўнае пацверджанне, а ягоным дзеянням дадзеная дакладная прававая ацэнка. Следства высветліла, што пад фота з затрыманнем дэманстранта ганцавіцкімі супрацоўнікамі ДАІ свае каментары пакінулі 1788 карыстальнікаў, сярод якіх і Аляксандр Шматаў (пад нікам «Рулявы абозу»). Паводле заключэнняў экспертаў, у каментары ўтрымліваецца негатыўная ацэнка дзеянняў інспектара Вольніча, якая мае «ненарматыўную форму маўленчага выражэння».

Ацэньваючы дзеянні абвінавачанага Шматава ў дачыненні да пацярпелага Войніча, які выконваў свае абавязкі па ахове грамадскага парадку, бок абвінавачання прыйшоў да высновы, што яны непасрэдна звязаныя з публічнай абразай апошняга як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў і кваліфікуюцца паводле арт. 369 КК.

З улікам усіх акалічнасцяў справы, пракурорка палічыла, што мэта крымінальнай адказнасці будзе дасягнутая, калі прызначыць падсуднаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Прасіла суд прызнаць Шматава вінаватым паводле арт. 369 КК і асудзіць на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Настойвала канфіскаваць мабільны тэлефон абвінавачанага як сродак учынення злачынства. Пазоўныя патрабаванні пацярпелага Вольніча аб кампенсацыі маральнай шкоды прасіла задаволіць у поўным аб’ёме – 1500 рублёў.

Адвакатка: Шматаў даглядае 76-гадовую маці

Выступ адвакаткі юрыдычнай кансультацыі быў непрацяглым. Абаронца прасіла суд улічыць, што Шматаў адразу прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. Звярнула ўвагу на прынесенае пацярпеламу прабачэнне і раскаянне ва ўчыненым. Нагадала, што Шматаў апякуецца 76-гадовай маці, даглядаць яе больш няма каму. Пры вызначэнні сумы, заяўленай пацярпелым у пазове, прасіла ўлічыць матэрыяльны стан і рэальныя магчымасці абвінавачанага. Настойвала прызначыць Шматаву мінімальна магчымае пакаранне.

На гэтым суддзя Карабліна спыніла судовае паседжанне і абвесціла перапынак да панядзелку 4 верасня.

С. Горкі