Пятніца, 27 Жнівень 2021

Вярхоўны суд не змяніў прысудаў у «справе сямі». Таццяна Севярынец: Спадзяванняў не было, але змены не за гарамі

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Таццяна Севярынец, 2020 год Таццяна Севярынец, 2020 год

27 жніўня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу асуджаных Магілёўскім абласным судом паводле артыкулу 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў») Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова і Ірыны Шчаснай. Як стала вядома, Вярхоўны суд пакінуў рашэнне абласнога суду без зменаў, а скаргу асуджаных без задавальнення.

25 траўня Магілёўскі абласны суд паводле ч.1 арт.13 і ч.2 арт.293 КК прызнаў Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова і Ірыну Шчасную вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Суддзя Ірына Ланчава прысудзіла Севярынцу, Афнагелю, Войнічу – 7 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Астатнія абвінавачаныя атрымалі ад 4 да 5 гадоў зняволення.

Сённяшняе рашэнне Вярхоўнага суду пракаментавала «Віцебскай Вясне» актывістка Таццяна Севярынец – маці палітвязня Паўла Севярынца.

«Спадзяванняў на змяншэнне тэрміну і не было – прысуды пакінулі без зменаў. Але я веру, што даседжваць гэтыя тэрміны будуць тыя, хто выносіў несправядлівы вырак», – сказала маці палітвязня.

«Як мне распавялі, суддзі Вярхоўнага суду рабілі сёння выгляд, што яны глыбока і сур’ёзна разбіраюцца ў акалічнасцях справы. Але задоўга да прыняцця рашэння яны ведалі, што справа не проста шытая белымі ніткамі – яна зляпаная адно для таго, каб гэтых людзей пазбавіць волі і змясціць за краты. Толькі таму, што гэтыя асобы як вулічныя барацьбіты, як харызматычныя лідары – асабліва небяспечныя для рэжыму. Так, цяпер яны будуць пакутаваць, пойдуць на зону, але яшчэ раз паўтаруся: гэтыя тэрміны людзі адбываць не будуць. Змены не за гарамі. Няхай пра гэта ведаюць усе, хто мае дачыненне да гэтага злачынства», – дадала Таццяна Севярынец.

Нагадаем, Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года. 75 сутак палітык правёў на Акрэсціна. Затым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага, выставіўшы абвінавачанне па арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

С. Горкі