Субота, 05 Чэрвень 2021

За абразу міліцыянта маладая маці асуджаная на «хімію»

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Напрыканцы траўня судом Першамайскага раёну Віцебску за абразы работніка міліцыі была асуджаная на паўтара гады абмежавання волі жыхарка абласнога цэнтру. Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу маладая жанчына будзе адбываць "хатнюю хімію» сумесна з яе двума малалетнімі дзецьмі. Яшчэ на стадыі дасудовага разгляду 26-гадовая віцяблянка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, у добраахвотным парадку выплаціла міліцыянту кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 600 рублёў.

Гэтая гісторыя пачалася ў кастрычніку 2020 году, калі жанчына напісала каментар, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, са свайго ўліковага запісу ў групе «Тыповы Віцебск» у «Instagram».

Паводле абвінавачання, у публікацыі змяшчалася непрыстойны выраз у лаянкавай форме аб выкананні супрацоўнікам АУС адміністрацыі Першамайскага раёну сваіх службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку. Тым самым віцяблянка нібыта замахнулася на аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады.

У судзе жанчына прызнала сваю віну і датычнасць да абразы. Патлумачыла прычыну свайго ўчынку наяўнасцю абразлівых каментароў іншых карыстальнікаў пад выстаўленым фатаздымкам міліцыянта ў «Instagram», які выклікаў у яе негатыўныя эмоцыі.

Дзяржаўны абвінаваўца палічыў віну падсуднай ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў даказанай і прапанаваў суду пакараць яе абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Пры вынясенні выраку суд пагадзіўся з меркаваннем пракурора.

Міхась Пісараў