Суд пастанавіў таксама спагнаць з Таццяны Туравец на карысць пацярпелага міліцыянта Аляксея Старчанкі ў кошт кампенсацыі маёмаснай шкоды за нібыта пракушаную пальчатку 16 рублёў 15 капеек. У даход дзяржавы ў якасці пошліны – 58 рублёў і працэсуальныя выдаткі – 128 рублёў 24 капейкі.
Маёмасць Туравец – мабільнік, тэлевізар і пральную машынку LG – суд пакінуў пад арыштам да выплаты накладзенага спагнання.
Працэс над Таццянай Туравец пачаўся 3 траўня. Для прыняцця рашэння суду спатрэбілася шэсць паседжанняў. Паводле абвінавачвання, у ноч з 9 на 10 лютага Туравец перашкаджала міліцыянтам праводзіць санкцыянаваны пракурорам ператрус, чыніла супраціў, пагражала фізічнай расправай, абражала. А пры затрыманні – укусіла міліцыянтаў за пальцы, аднаго з іх ударыла нагой.
Сваёй віны 50-гадовая Таццяна Туравец не прызнала і ў апошнім слове заявіла, што лічыць сябе пацярпелай. У жанчыны былі выяўленыя пашкоджанні сухажылляў пляча, з гэтай прычыны яна лячылася.
Нагадаем, што дзяржабвінаваўца Мікіта Раманоўскі прасіў для жанчыны 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Але суддзя Наталля Траццякова вынесла іншае рашэнне: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Да набыцця прысудам законнай моцы Таццяна Туравец будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
На абвяшчэнні прысуду Таццяна Туравец адсутнічала.
С. Горкі