Справу разглядала суддзя Вераніка Барысава. Паводле міліцэйскага пратаколу, 13 лістапада Тамара Ільіна «ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні», «знаходзілася ў групе грамадзянаў, якія скандавалі лозунгі без адпаведнага дазволу». Таксама сцвярджалася, што мерапрыемства было «арганізаванае праз глабальную кампутарную сістэму».
Са зместам пратаколу Ільіна не пагадзілася. Заявіла, што пра мерапрыемства не ведала і трапіла на яго выпадкова. Удакладніла, што ішла ў ГЦ «Грын», але, праходзячы ля мемарыялу, заўважыла людскую грамаду. Спачатку падумала, што праводзіцца нейкае афіцыйнае мерапрыемства, але, калі пабачыла партрэт Рамана Бандарэнкі, зразумела, што адбываецца. Падышла да людзей і засталася там, бо «востра перажывала заўчасную смерць маладога таленавітага чалавека».
«Пасля таго, што адбылося ў краіне, я разгубілася, бо не разумею, што робіцца. Заўжды была законапаслухмянай грамадзянкай. Была ўпэўненая ў сваіх правах. Мяне хвалявала нашая незалежнасць, нашая свабода. Палітыкай ніколі не займалася. Дый стан здароўя не дазваляў, у мяне хворае сэрца», – патлумачыла жанчына.
Тамара Ільіна спаслалася на арт. 60 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам абарону іх правоў і свабод кампетэнтным і незалежным судом. Згадала пра тое, што заяву па дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства трэба падаваць загадзя, за 15 дзён, але выказала неўразуменне, як быць у выпадках, калі трэба сабрацца тэрмінова.
«Згодна з Канстытуцыяй, закон мусіць зацвярджаць парадак правядзення мерапрыемства, а атрымоўваецца – зацвярджае забарону. Але нічога важнейшага за Канстытуцыю няма! Як так магло здарыцца, што ў краіне не дзейнічае Канстытуцыя?» – пыталася віцяблянка.
На прадэманстраваным у судовым паседжанні відэа Тамара Ільіна сябе апазнала. Патлумачыла, чаму паставіла свечку: невядомая дзяўчына не наважылася зрабіць гэта, і яна паставіла свечку за яе. Прыгадала, што рабіла каля помніка невялікую прамову, казала пра нацыянальныя колеры беларусаў – белы і чырвоны, якія прысутнічаюць і на дзяржаўнага сцягу.
Суддзя Барысава прызнала Тамару Ільіну вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пастанавіла вынесці ёй папярэджанне. Раней Тамара Ільіна да адміністрацыйнай адказнасці ніколі ў жыцці не прыцягвалася.
С. Горкі