Пятніца, 30 Кастрычнік 2020

Таццяну Севярынец аштрафавалі на 810 рублёў за паход на прыём у гарвыканкам

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Таццяна Севярынец Таццяна Севярынец

30 кастрычніка Першамайскі суд Віцебску аштрафаваў віцебскую актывістку Таццяну Севярынец на 810 беларускіх рублёў (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Суддзя Вераніка Барысава прызнала калектыўны паход у Віцебскі гарвыканкам несанкцыянаваным масавым шэсцем, хаця дэлегацыю з трох чалавек у гарадскім выканаўчым камітэце прынялі.

Паводле міліцэйскага пратаколу, 12 кастрычніка Таццяна Севярынец парушыла парадак арганізацыі масавага мерапрыемства і ўзяла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці. Супрацоўнікі МУС сцвярджалі, што жанчына знаходзілася ў групе грамадзянаў, якія выказвалі свой пратэст супраць вынікаў выбараў прэзідэнта, пляскала ў далоні, выгуквала лозунгі грамадска-палітычнага характару. Дзеянні кваліфікаваныя паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП.

З пратаколам Таццяна Севярынец не пагадзілася і ягоны змест, «ад першага да апошняга слова», назвала няпраўдай. Адзінае, што адпавядала рэчаіснасці, паводле Таццяны, дык гэта толькі маршрут руху ад ГЦ «Марка-Сіці» да будынку Віцебскага гарвыканкаму. На судзе Севярынец патлумачыла, што «ішлі спакойна, ніхто не мітынгаваў, абмяркоўвалі тое, пра што збіраліся размаўляць у гарвыканкаме, пакуль чакалі адказу з гарвыканкаму, праспявалі «Купалінку».

«Мэта, з якой мы сабраліся з жанчынамі, была зусім іншая, а ў пратаколе – казкі Шахеразады. Ведаючы, што ў панядзелак а 15-й гадзіне мусяць сабрацца людзі сталага веку з багатым жыццёвым досведам, я вырашыла, што гэта добрая нагода схадзіць у гарвыканкам. Запішамся на прыём альбо нас прымуць адразу. Мы хацелі найперш пагаварыць з Заранкіным, нагадаць, што ўлада – для народу, а не народ для ўлады. Хацелі патлумачыць, чаму людзі выходзяць, папрасіць, каб таго гвалту, які адбываецца на нашых вуліцах, не чынілася больш», – патлумачыла Таццяна Севярынец.

У гарвыканкаме дэлегацыю з трох чалавек прыняў начальнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзянаў Ўладзімір Вераб’ёў. Яны паразмаўлялі і запісаліся на прыём на сераду. Сустрэча адбылася а 8-йраніцы.

«Мы ішлі, каб сказаць уладам: хопіць гэтага гвалту на вуліцах Віцебску! Замест гэтага ў Дзень маці мяне затрымалі, і я правяла ў РАУСе амаль суткі. Ведаеце, усе гэтыя суды і пратаколы людзей не спыняць. З людзьмі так нельга! Як настаўнік, я ведаю, што самы горшы метад працы – гэта гвалт… Мы ўсе хочам, каб нас разумелі. І калі нас улада пакрыўдзіла, то як можна маўчаць? У нас не было масавага шэсця. Так, мы ішлі разам, але мы ішлі ў канкрэтнае месца», – сказала Тацяна Севярынец.

Падчас разбору былі прагледжаны відэаматэрыялы, якія паступілі ў суд. Яны не засведчылі актыўнага ўдзелу Севярынец у мерапрыемстве. Але суддзя Вераніка Барысава ўбачыла ў дзеяннях Таццяны Севярынец склад правапарушэння і аштрафавала яе на 30 базавых велічынь (810 рублёў).

С. Горкі