Аўторак, 16 Ліпень 2019

Выканкамы заплацяць за неабгрунтаваны прызыў грамадзян у войска

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Ілюстратыўнае фота: slova.by Ілюстратыўнае фота: slova.by

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці спагнаў на карысьць вайсковых частак больш за 3000 рублёў зь Віцебскага гарвыканкаму і Талачынскага райвыканкаму. Гэта кампэнсацыя шкоды, якая была прычыненая дзяржаве “неабгрунтаваным прызывам на вайсковую службу” двух грамадзян, непрыдатных да яе праз стан здароўя.

Пазоўнікамі да выканкамаў выступалі ў судзе дзьве беларускія вайсковыя часткі. Грамадзяне Ш. і К. былі прызваныя ў войска і падчас праходжаньня тэрміновай службы падалі скаргі на стан свайго здароўя. Вайскоўцаў абсьледавала ваенна-ўрачэбная камісія галоўнага клінічнага мэдцэнтру Узброеных Сілаў РБ, якая ў выніку прызнала іх непрыдатнымі да нясеньня ваеннай службы ў мірны час. У сувязі з выяўленымі хваробамі хлопцаў звольнілі ў запас.

Згодна з заключэньнем камісіі, на тэрміновую службу іх прызвалі з прычыны невыкананьня ўстаноўленых мэтодык абсьледаваньня, якія, па сваё сутнасьці, былі непаўнавартасныя.  

У першым выпадку падчас вясеньняга прызыву 2016 году памыліўся доктар стаматоляг, у другім – хірург, які не заўважыў у прызыўніка праблемы з каленным суставам.

Паводле рахункаў пазоўнікаў, на ўтрыманьне вайскоўца Ш. падчас праходжаньня ім ваеннай службы ад 20 траўня да 8 верасьня 2016 году пайшло 1855 рублёў, на ўтрыманьне вайскоўца К., які служыў ад 19 траўня да 2 жніўня 2017 году, – 1199 рублёў. У гэтыя сумы былі ўключаныя выдаткі на грашовае, рэчавае і харчовае забесьпячэньне.

Адказчыкі не згаджаліся з патрабаваньнямі істцоў і аспрэчвалі віну спэцыялістаў гарадзкіх установаў аховы здароўя.

Аднак эканамічны суд Віцебскай вобласьці спагнаў з Талачынскага райвыканкаму запатрабаваныя пазоўнікам 1855 рублёў 35 капеек, зь Віцебскага гарвыканкаму – 1199 рублёў 07 капеек на сплату шкоды, прычыненай дзяржаве неабгрунтаваным прызывам грамадзян на ваенную службу. Выканкамы таксама мусяць выплаціць па 637 рублёў судовых выдаткаў.

У адпаведнасьці з артыкулам 10 Закону РБ “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія ствараюць прызыўныя камісіі, нясуць адказнасьць за шкоду, прычыненую дзяржаве і грамадзянам прызывам на ваенную службу грамадзян, не падлеглых прызыву на ваенную службу праз стан здароўя ды зь іншых прычын.

Зьміцер Міраш