Справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску судзьдзём Сяргеем Будрэвічам. Алег Стралец сваёй віны не прызнаў, а падчас паседжаньня распавёў, што ў апорным пункце, куды ён накіраваўся пасьля тэлефоннай размовы, яго адразу паставілі тварам да сьцяны, а потым – прыкавалі кайданкамі да батарэі…
Паперы ў прыбіральні і наручнікі…
У судзе віцяблянін патлумачыў, што справа тычылася ягонай машыны, якую ў кастрычніку 2018 году пашкодзілі невядомыя. Міліцыянты, што выяжджалі на месца здарэньня, перадалі дакумэнтацыю ўчастковаму на Маскоўскі пр-т, 84, якога Стралец ніяк ня мог застаць на месцы. А званок самога ўчастковага стаў для таксоўцы неспадзяванкай. “Адпачывай далей, справу вырашылі безь цябе, з тваім працадаўцам”, – паведамілі.
Агаломшаны навіной Алег Стралец паспрабаваў дазнацца, дзе ж яму цяпер узяць паперы для выплаты страхоўкі, але ў адказ пачуў: “Паперы возьмеш у туалеце, а ў нас – дакумэнты”. І – кароткія гудкі.
Алег Стралец
Стралец перазваніў, папрасіў суразмоўцу назвацца, папярэдзіў, што той ня мае права так зь ім размаўляць. А потым выказаў жаданьне прыехаць пагутарыць жыўцом. Але там, на Маскоўскім, 84, на яго адразу ж начапілі кайданкі і прыкавалі да батарэі ацяпленьня.
“Я запытаўся, на якой падставе гэта робіцца. “Калі дасі мне падставу, дык магу скарыстацца табэльнай зброяй”, – адказаў супрацоўнік міліцыі і адшпіліў кабуру…” – так пераказваў дыялёг, які адбыўся тады ў пастарунку, Алег Стралец.
З Маскоўскага праспэкту празь некаторы час яго адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе быў складзены пратакол паводле артыкулу 23.5 КаАП РБ (Абраза службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў).
Алег Стралец сьцьвярджаў у судзе, што нікога па тэлефоне не абражаў і што супрацоўнік міліцыі ўцямна так і не прадставіўся…
Называў “петушарай” і “малалеткай”
Паводле ж рапарту, які склаў абражаны ўчастковы інспэктар маёр міліцыі Сяргей Мечыслаўскі, Алег Стралец называў яго ў тэлефоннай размове “петушарай” і “малалеткай”, пагражаў, што “прыедзе і разьбярэцца”, “разаб’е яму я…ла”, чым наўмысна прынізіў ягоныя годнасьць і гонар міліцыянта.
Як патлумачыў участковы, кайданкі былі надзетыя Алегу Стральцу “выключна ў мэтах уласнай бясьпекі”. А прыкаваць мужчыну да батарэі прыйшлося таму, што ў памяшканьні не было… камэры часовага ўтрыманьня.
У выніку 10 чэрвеня суд прызнаў віцебскага таксіста вінаватым у абразе міліцыянта і аштрафаваў яго на 24 базавыя велічыні (612 рублёў). Але праваабаронцы маюць да пастановы суду шмат пытаньняў.
Бяз доказаў і экспэртызы
Прадстаўнік БХК у Віцебску і Віцебскай вобласьці Павал Левінаў зазначае, што сваім рашэньнем суд паказаў: каб абвінаваціць грамадзяніна Беларусі ў абразе – дастаткова тэлефоннага злучэньня. Усё.
“І калі пацярпелы – супрацоўнік міліцыі, то суд верыць ягоным словам, не прызначаючы нават лінгвістычнай экспэртызы словаў, якія той палічыў за абразу”, – кажа Левінаў.
Праваабаронца заўважае, што судзьдзя Будрэвіч не палічыў неабходным высьветліць, ці міліцыянт размаўляў са службовага тэлефону і ці сапраўды знаходзіўся ў той час “пры выкананьні”. А калі знаходзіўся – дык чаму не запісаў размову з грамадзянінам.
“Суд высьветліў толькі, што міліцыянт напісаў рапарт, які належным чынам нідзе ня быў зарэгістраваны, але для суду гэтага дастаткова, каб чалавека, які цяпер даглядае састарэлага сваяка, “узнагародзіць” вялізным штрафам. Таму – слава суду і Лукашэнку, які адправіў міністра ўнутраных справаў Шуневіча ў адстаўку”, – дадаў Павал Левінаў.
Алег Стралец зьбіраецца абскардзіць прысуд у Віцебскім абласным судзе.
С. Горкі