Як і ў папярэднім судовым паседжаньні, інтарэсы прадпрыемства адстойвалі выканальніца абавязкаў начальніка бюро па кіраваньні маёмасьцю Вольга Малахоўская ды юрысконсульт Аляксандра Фаміна. Адказчыкам гэтым разам акрамя кіраўніка СПБ Міколы Шараха ў судзе выступіў і актывіст пяршоўкі «Шкловалакна» Віктар Стукаў.
Прадстаўнікі прафсаюзу заявілі хадайніцтва аб спыненьні судовага разгляду ў сувязі са знаходжаньнем справы па-за кампэтэнцыяй эканамічнага суду. На той падставе, што бакі канфлікту знаходзяцца ў стане сацыяльнага партнэрства, а не эканамічных ці гаспадарчых дачыненьняў, прадстаўнік пяршоўкі Віктар Стукаў прапанаваў эканамічнаму суду адмовіцца ад разгляду справы. Таксама ён выказаў жаданьне, каб суд рэкамэндаваў заяўніку вырашыць працоўную спрэчку ў межах калектыўнай дамовы ці ў працоўным арбітражы. Судзьдзя Анатоль Гурэеў у задавальненьні хадайніцтва адмовіў, хаця і далучыў яго да справы.
Юрыстка «Шкловалакна» ў сваёй прамове даводзіла, што эканамічны суд мае права прыняць рашэньне па справе. Маўляў, у яго кампэтэнцыю ўваходзіць разгляд справаў, зьвязаных з гаспадарчымі, эканамічнымі спрэчкамі, і справаў, датычных да прадпрымальніцкай ды іншай гаспадарчай і эканамічнай дзейнасьці.
Аляксандра Фаміна палічыла дастатковым для абгрунтаваньня звароту ў эканамічны суд таго факту, што пазоўнік, перадаючы памяшканьне ў арэнду, вядзе гаспадарчую дзейнасьць, а прафсаюз пры тым зьяўляецца юрыдычнай асобай. Тую акалічнасьць, што другі суб'ект канфлікту (СПБ) ніякай гаспадарчай ці эканамічнай дзейнасьці не вядзе, узяць пад увагу не палічылі неабходным ані суд, ані юрыст прадпрыемства.
Не прамінула Аляксандра Фаміна нагадаць і тое, што, зь меркаваньня наймальніка, калектыўная працоўная спрэчка паміж пазоўнікам і адказчыкам на цяперашні момант адсутнічае. А калі няма спрэчкі, то і кіравацца пры вырашэньні канфлікту калектыўнай дамовай не выпадае.
У сваіх пярэчаньнях на довады пазоўніка старшыня СПБ Мікола Шарах нагадаў, што суполка СПБ дзейнічае на прадпрыемстве з 1999 году. У самым пачатку дачыненьняў паміж прафсаюзам і наймальнікам праблемы вырашаліся больш-менш прымальна. Апошнім жа часам наймальнік пачаў аспрэчваць наяўнасьць прафсаюзу на прадпрыемстве на той падставе, што працоўныя спынілі пералічэньне ўнёскаў праз бухгальтэрыю. Тое, што ўнёскі здаюцца гатоўкай, пацьвердзіла перададзеная суду плацёжная ведамасьць аб пералічэньні сродкаў на рахунак прафсаюзу. Для кіраўніцтва прадпрыемства гэты факт, аднак, не зьяўляецца пераканаўчым, і «Шкловалакно» не заключае калектыўнай дамовы з СПБ і не здае бясплатна памяшканьне пад офіс, як у выпадку з афіцыйным прафсаюзам. Гэткім чынам, паводле прафсаюзнага лідэра, наймальнік парушае 45-ы і 49-ы пункты Генэральнага пагадненьня.
Мікола Шарах таксама зьвярнуў увагу суду на тое, што наймальнік не выконвае нормы сацыяльнага партнэрства, адыходзіць ад выкананьня Генэральнай дамовы, парушае правы працаўнікоў аб'ядноўвацца ў прафэсійныя саюзы, перашкаджае законнай дзейнасьці прафсаюзу, ігнаруе любыя захады з боку СПБ для вырашэньня канфлікту ды выкарыстоўвае мэханізм эканамічнага суду для вырашэньня сваіх мэтаў.
У ходзе дыскусіі склалася ўражаньне, што ўдзельнікі судовага разбору існуюць у розных прававых рэаліях. Калі прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу Беларускага, абгрунтоўваючы сваю пазыцыю, спасылаліся на нормы міжнароднага права ў галіне прафсаюзнай дзейнасьці, то пазоўнік міжнароднае права зусім ня згадваў.
Прынятае па справе рашэньне было прадказальным. Кіруючыся артыкуламі 190, 192, 193, 189, 201, 211 Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу, суд задаволіў пазоўнае патрабаваньне заяўніка і абавязаў СПБ у пяцідзённы тэрмін вызваліць памяшканьне і вярнуць яго ўласьніку. Разам з тым суд спагнаў з прафсаюзу на карысьць ААТ «Полацак-Шкловалакно» пакрыцьцё выдаткаў дзяржаўнага мыта (490 рублёў).
Па сканчэньні судовага паседжаньня сябра пяршоўкі «Шкловалакна» Віктар Стукаў гэтак пракамэнтаваў вынікі судовага разгляду:
– Мы перакананыя, што суд ад пачатку мусіў адмовіць у разглядзе справы заяўніку, бо яна па-за межамі судовай кампэтэнцыі. Рэч у тым, што гэты канфлікт павінен вырашацца або ў межах калектыўнай дамовы, або праз працоўны арбітраж.
Безумоўна, мы будзем абскарджваць рашэньне эканамічнага суду і будзем настойваць, каб гэтае рашэньне было адмененае, а наймальніку было рэкамэндавана вырашаць канфлікт у межах калектыўных працоўных дачыненьняў. Гэткія спрэчныя пытаньні мусяць вырашацца празь перамовы, на якія адміністрацыя ісьці не згаджаецца, парушаючы і Працоўны кодэкс, і міжнародныя нормы.
Гэты факт фіксуе гніцьцё дзяржаўнай прававой сыстэмы, у прыватнасьці ў галіне працоўных зносін. Ні прававыя нормы, ні законы ў краіне не выконваюцца і нікім не кантралююцца. Органы, якія мусяць абараняць інтарэсы працаўнікоў (інспэкцыя працы, пракуратура, суды) бязьдзейнічаюць.
https://viciebskspring.org/news/sud/item/3083-rashennem-sudu-pyarshouku-spb-vysyalyayuts-z-arendavanaga-pamyashkannya#sigProIdacf0f548b4
С. Горкі