Алан Сьміт быў пакараны паводле часткі 1 артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу за нібыта арганізацыю незаконнай міграцыі шасьцярых грамадзян Іраку празь Беларусь у краіны Эўразьвязу. Як выявіла сьледзтва, іракцы двойчы спрабавалі выехаць зь Беларусі ў Эўразьвяз: першы раз – у Польшчу, праз афіцыйны пункт пропуску. І ў гэтым ім сапраўды дапамагаў, купіўшы квіткі на цягнік «Берасьце-Тэрэспраль», брытанец. Другі раз – у Летуву. Апошняя спроба скончылася затрыманьнем іракцаў. Датычнасьць да гэтай спробы іх выезду зь Беларусі Алан Сьміт і ягоныя абаронцы адмаўляюць.
Справу ў апэляцыйнай інстанцыі разглядала судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду ў складзе Сьвятланы Івановай, Галіны Ўрбановіч (старшыня) і Ларысы Сініцынай.
Разам з Аланам Сьмітам і яго адвакатамі апэляцыйную скаргу падаваў і бок абароны іншага абвінавачанага па справе, Арсеня Рачкоўскага. Яму суд апэляцыйнай інстанцыі зьмяніў вырак: з выраку была выключаная згадка пра пазбаўленьне яго права займацца дзейнасьцю, зьвязанай з кіраваньнем транспартнымі сродкамі, на пэўны тэрмін – раней такое пакараньне яму прысудзіў суд Партызанскага раёну Менску па іншай справе. Рачкоўскаму давядзецца адседзець 3 гады 7 месяцаў ва ўмовах строгага рэжыму – у гэтай частцы вырак перагледжаны ня быў. Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 2500 рублёў, а яго маёмасьць будзе канфіскаваная.
Яшчэ адзін фігурант справы, Вольга Грахоўская, якой суд першай інстанцыі даў 3 гады і 1 месяц зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, ня стала абскарджваць прысуд.
Рачкоўскі і Грахоўская былі пакараныя ў адпаведнасьці з тым самым артыкулам КК, што і Сьміт, але паводле другой яго часткі, бо яны зьдзяйсьнялі злачынства «ў складзе групы асобаў па папярэдняй змове».
Апроч абвінавачаных і іх абаронцаў, перагляду рашэньня суду Глыбоцкага раёну патрабавала і пракуратура, падаўшы на гэтае рашэньне пратэст. Пракурор аддзелу Віцебскай абласной пракуратуры Алег Антоненка, які агучваў у абласным судзе пазыцыю свайго ведамства, назваў прысуд у адносінах да ўсіх траіх абвінавачаных занадта мяккім. Таксама ён заявіў, што суд першай інстанцыі не павінен быў перакваліфікоўваць першапачатковае абвінавачаньне Алану Сьміту паводле часткі 2 на частку 1 артыкулу 371¹ КК, і папрасіў калегію абласнога суду адмяніць вырак, а крымінальную справу накіраваць на новы разгляд іншым складам суду.
Калі ў часе судовага паседжаньня дайшла чарга да абвінавачаных, брытанскі падданы адказаў на прапанову судзьдзі даць сваё тлумачэньне эмацыйнай прамовай, якая доўжылася больш як дваццаць хвілін. Ён адзначыў, што яго змушалі маўчаць надта доўга, што ўлады Беларусі не рэагавалі належным чынам на ўсе яго заявы пра парушэньні яго правоў, пра дрэнныя ўмовы знаходжаньня за кратамі, падчас якога ён страціў 14 кіляграмаў вагі і атрымаў сур'ёзныя праблемы са здароўем, пра мэнтальныя і маральныя катаваньні, якія ён зьведаў. Як заявіў Алан Сьміт, адзіным месцам, дзе цяпер пасьля доўгага вымушанага маўчаньня ён урэшце можа ўзьняць свой голас, ёсьць гэты суд.
Выступаючы ў судзе, грамадзянін Вялікай Брытаніі асаблівы націск зрабіў на парушэньні яго правоў: «Вы забралі маю свабоду. Але, калі ласка, не забірайце мае правы! Я быў пазбаўлены правоў працяглы час... Мае правы парушаліся ад самага пачатку пракуратурай, сьледчым камітэтам і іншымі. Пракурор ня мае ніякіх доказаў, што я зьдзейсьніў злачынства. А я маю шмат доказаў парушэньня маіх правоў».
Паводле яго словаў, усё абвінавачаньне, на падставе якога яму быў вынесены прысуд, грунтавалася на меркаваньнях і дапушчэньнях, а не на даказаных фактах, і падчас суду першай інстанцыі бок абвінавачаньня зусім ня меў намеру высьветліць праўду: «Я правёў два месяцы ў судзе ў Глыбокім. Пракурор не задаў мне ніводнага пытаньня. Аніводнага пытаньня! Калі б я быў злачынца, да мяне былі б пытаньні. Усе абвінавачаньні з боку пракурора ня маюць пад сабою абсалютна ніякіх доказаў.... Няма ніводнага доказу па ніводным з больш як 35-ці абвінавачаньняў».
«Я хацеў бы адказаць на некаторыя пытаньні пракурора, хоць ён мне іх не задаваў», – заявіў Алан Сьміт, маючы на ўвазе, верагодна, ужо не таго супрацоўніка пракуратуры, што некалькі месяцаў таму выступаў дзяржаўным абвінаваўцам падчас судовага працэсу ў Глыбокім, а пракурора, які ўжо зараз, у абласным судзе, даводзіў, нібы віна кожнага фігуранта справы цалкам даказаная, і назваў прысуд у дачыненьні да іх «занадта мяккім».
Брытанец зьвярнуў увагу суду на нестыкоўкі і супярэчнасьці ў довадах пракурора, падрабязна прайшоўся па эпізодах, якія былі пастаўленыя яму ў віну, і паказаў, што ўсё, што ён рабіў, дапамагаючы грамадзянам Іраку ў Беларусі, было ў межах закону і спрыяла таму, каб знаходжаньне іншаземцаў у краіне было якраз законным: «Усе мае дзеяньні былі накіраваныя на тое, каб усё было законна», – сказаў Алан Сьміт.
Так, ён сапраўды дапамог жанчыне-інваліду зьвярнуцца ў мэдычную ўстанову ў Менску, даведка пра стан здароўя зь якой стала падставай для атрыманьня ёй дазволу на падоўжаньне права знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па заканчэньні тэрміну дзеяньня візы. Але ж выснову пра стан яе здароўя рабіў ня ён, і дазвол знаходзіцца далей у Беларусі на падставе атрыманай даведкі жанчыне далі кампэтэнтныя органы, а ня ён.
Так, ён сапраўды дапамагаў грамадзянам Іраку перасоўвацца па Беларусі і сапраўды, калі тыя спрабавалі выехаць у Польшчу праз афіцыйны пункт пропуску, купляў ім квіткі на цягнік. «Хіба купляць квіткі на цягнік – гэта незаконна? Тое, што яны паехалі ў Польшчу, – хіба гэта незаконна? Калі гэта незаконна, то вінаватыя кожны памежнік і міліцыянт, бо яны дазволілі іракцам выехаць празь мяжу, ня я!», – заявіў у судзе Алан Сьміт.
Таксама ён паведаміў суду, што гатовы да новага сьледзтва і гатовы адказаць на ўсе пытаньні, якія ёсьць да яго, колькі б часу гэта ні заняло, калі гэта дапаможа высьветліць праўду і дакажа ягоную невінаватасьць.
Алана Сьміта падтрымала ягоная адвакатка Натальля Крот, якая пачала свой выступ у Віцебскім аблсудзе крыху нечакана для прысутных, пагадзіўшыся зь некаторымі высновамі суду першай інстанцыі:
«Прысуд, які абскарджваецца, мы лічым законным і абгрунтаваным, – сказала яна. – У частцы таго, што з абвінавачаньня была выключаная кваліфікуючая прыкмета: «зьдзяйсьненьне злачынства групай асобаў». А адпаведна высьветленая яго [Алана Сьміта – рэд.] недатычнасьць да спробы выезду грамадзян Іраку ў Эўразьвяз празь Летуву. Я мяркую, што ў гэтай частцы прысуд абсалютна справядлівы і вычарпальна матываваны».
Разьбіраючы эпізод за эпізодам, яна паказала, што суд Глыбоцкага раёну, што «правёў велізарную працу па аналізе доказаў па гэтай няпростай справе», зусім слушна адкінуў довады дзяржаўнага абвінаваўцы, які спрабаваў быў давесьці, што Алан Сьміт дапамагаў групе іракцаў незаконна выехаць зь Беларусі ў Летуву.
«Такім чынам, высокі суд, у нас засталася толькі Польшча, – працягнула сваю прамову ў Віцебскім абласным судзе адвакатка Крот, – той злашчасны цягнік «Берасьце-Тэрэспаль» 21 верасьня 2016 году. У гэтай сувязі першае, што хацелася б адзначыць, гэтая спроба Сьміту абвінавачаньнем ня ставілася ў віну. Сьледчым органам, пазыцыя якога была падтрыманая дзяржаўным абвінаваўцам у судзе, не расцэньвалася гэтая спроба як незаконная... За спробу ўезду ў Летуву ці былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці грамадзяне Іраку? Так, былі. За спробу ўезду ў Польшчу ці былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці грамадзяне Іраку? Не, не былі... Дык пра якое садзейнічаньне незаконнаму выезду можа весьціся?»
Спынілася адвакатка таксама на тым, што Сьміт ня мог спрыяць і незаконнаму ўезду замежнікаў у Беларусь. Бо яны ўехалі законна. Грамадзяне Іраку мелі візы, прыбылі праз законны пункт перасячэньня мяжы. Іншых абмежаваньняў у законе нідзе няма: «Дапусьцім (толькі дапусьцім), што былі пазначаныя фальшывыя зьвесткі падчас атрыманьня візы. Тады, мабыць, у дзеяньнях гэтых грамадзян прысутнічае склад правапарушэньня ў незаконным атрыманьні візы, калі б такі склад быў прадугледжаны беларускім заканадаўствам. Але незаконны ўезд можа быць канстатаваны, толькі калі яны прыехалі бязь візы альбо па-за вызначаным пунктам пропуску».
«Высокі суд, Алан Пол Сьміт знаходзіцца пад вартай ужо больш за год. – адзначыла адвакатка. – Ён мае сям'ю, якая моцна перажывае за яго». Гэтая самая сям'я, апроч усяго іншага, зрабіла ўсё магчымае, каб людзі з Іраку, сапраўды датычныя да здарэньня, пралілі сьвятло на падзею. Абаронай была пададзеная ў суд першай апэляцыйнай інстанцыі заява грамадзян Іраку. «Усе названыя асобы ня толькі гавораць пра поўную недатычнасьць Сьміта, але і тлумачаць, як насамрэч разьвіваліся падзеі. Так, мы вымушаныя былі ўсё гэта падаць толькі ў якасьці пісьмовага доказу. Але, на жаль, іншага выбару ў нас не было, паколькі судом хадайніцтва з боку абароны пра допыт грамадзян Іраку празь відэа-інтэрнэт-сувязь не было задаволенае».
«Адзінае, чаго хоча Сьміт, я мяркую, гэта вярнуцца да родных. Я вельмі прашу высокі суд разгледзець магчымасьць такога зыходу», – сказала напрыканцы адвакатка Натальля Крот. Яна заявіла, што настойвае на поўнай невінаватасьці свайго падабароннага ды папрасіла прысуд суду Глыбоцкага раёну ад 11 ліпеня 2017 году ў адносінах да Алана Пола Сьміта адмяніць, а справу ў дачыненьні да яго спыніць.
Судзьдзі абласнога суду ня надта прыслухаліся ані да довадаў абвінавачаных і іх абаронцаў, з аднаго боку, ані да пракурора, з другога боку. І пакінулі ў асноўнай частцы рашэньне суду першай інстанцыі бязь зьменаў. Зрэшты, гэта ня самае дрэннае, чаго можна было чакаць ад апэляцыйнай інстанцыі. Для асуджанага брытанца было б горш, калі б вырак суду першай інстанцыі быў адменены, а справу адправілі на перагляд – тады б знаходжаньне за кратамі для Алана Сьміта зацягнулася яшчэ на доўгі час. Цяпер жа, калі прысуд нарэшце набыў законную моц, можна хадайнічаць аб умоўна-датэрміновым вызваленьні і спадзявацца на хуткі выхад на волю: неабходны для такіх выпадкаў мінімум (1/2 прызначанага судом тэрміну) Алан ужо адсядзеў у СІЗА № 2 Віцебску.
https://viciebskspring.org/news/sud/item/2550-vyrak-brytantsu-abvinavachanamu-u-arganizatsyi-nezakonnaj-migratsyi-pakinuty-byaz-zmenau#sigProIdc0c5e46449
Кастусь Дзьвінскі