Нядзеля, 01 Лістапад 2015

Вярхоўны суд на паўгода павялічыў тэрмін зьняволеньня Міхаілу Жамчужнаму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

23 кастрычніка прадстаўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацьцяна Рэвяка прысутнічала на абвяшчэньні рэзалюцыйнай часткі судовага рашэньня па выніках разгляду касацыйнай скаргі заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Платформ інавэйшан» Міхаіла Жамчужнага.

Як і чакалася, касацыя ў Вярхоўным судзе адбывалася ў закрытым рэжыме – з прычыны наяўнасьці сакрэтных зьвестак у матэрыялах справы. Аднак прадстаўнік ВС раней паведаміла праваабаронцам пра імаверную магчымасьць прысутнасьці грамадзкасьці і СМІ на абвяшчэньні рэзалюцыйнай часткі судовага рашэньня.

Як адзначыла Тацьцяна Рэвяка, яна была адзіным прадстаўніком грамадзкасьці, які скарыстаўся з гэтай магчымасьці.

Паводле інфармацыі праваабаронцы, старшынюючы судзьдзя Міхаіл Кашко, які агалошваў рэзалюцыйную частку, назваў павялічаны на паўгода тэрмін зьняволеньня для Міхаіла Жамчужнага – 6 гадоў і 6 месяцаў (пракурор патрабаваў 7 гадоў), але не назваў матывацыю, паведаміўшы, што асуджанаму будзе дасланае пісьмовае вызначэньне суду.

«Міхаіл Жамчужны быў у клетцы, яго ахоўвалі чатыры супрацоўнікі міліцыі. Я зразумела, што ён пазнаў мяне, паколькі павітаўся. Сам выглядае бадзёрым, падцягнутым. Калі мы ў залі чакалі судзьдзю, ён сказаў, што і надалей будзе займацца абаронай правоў зьняволеных», – распавяла Тацьцяна Рэвяка.

Таксама яна адзначыла, што судзьдзя нагадаў асуджанаму пра права на спатканьне з блізкімі сваякамі, на што Міхаіл Жамчужны адказаў, што ня мае такіх, і папрасіў спатканьне з блізкім сябрам. Судзьдзя адказаў, што гэта не прадугледжана законам.

Што тычыцца сутнасьці судовага паседжаньня, то, паводле словаў Тацьцяны Рэвякі, яно нічога не праясьніла. «Мы па-ранейшаму спадзяёмся, што зможам атрымаць інфармацыю пра сутнасьць справы Міхаіла Жамчужнага, каб высьветліць, ці ўяўляе інфармацыя, якую ён спрабаваў здабыць, грамадзкі інтарэс і ці датычыць абароны правоў зьняволеных», – патлумачыла яна.  

Найбліжэйшым часам ПЦ «Вясна» мае намер даслаць у Вярхоўны суд запыт на інфармацыю па справе Міхаіла Жамчужнага, паколькі прысуд яму набыў законную моц.