Пасьля рэплікі аб зьневажэньні роднай мовы, якая прагучала з залі, судзьдзя выдаліла зь яе паплечніка Сарапені Яна Дзяржаўцава, пасьля чаго Пётра Сарапеня таксама адмовіўся прысутнічаць на паседжаньні. У заяве з просьбай разглядаць скаргу безь яго Пётра Сарапеня адзначыў, што сыходзіць, бо судзьдзя адмовіла яму ў хадайніцтве весьці паседжаньне на беларускай мове, а рускай ён не разумее, “бо размаўляе і думае па-беларуску”.
Паводле слоў Яна Дзяржаўцава, сябры партыі КХП БНФ атрымалі ўжо 14 адмоўных адказаў з усіх гарадзкіх адміністрацыяў на заявы аб правядзеньні пікетаў за байкот парлямэнцкіх выбараў. Як звычайна, улады адмаўляюць, спасылаючыся на тое, што заяўнікі ня выканалі патрабаваньняў рашэньня віцебскага гарвыканкаму №881 – адсутнічаюць дамовы з арганізацыямі, якія маюць абслугоўваць масавыя мерапрыемствы (ЖКГ, УУС, “хуткая дапамога”). У сваю чаргу, гэтыя арганізацыі таксама з розных прычын адмаўляюцца заключаць дамовы з заяўнікамі масавых мерапрыемстваў у Віцебску.