Нагадаем сутнасьць патрабаваньняў віцебскай актывісткі. На Дзень Волі 2008 году яна хацела ўручыць вышыты ёю габэлен са словамі малітвы Гасподняй апазыцыянэру Барысу Хамайду. Але ёй перашкодзілі супрацоўнікі міліцыі, якія затрымалі актывістку, а габэлен адабралі. Падзеі адбываліся ля «Сіняга дому». Пазьней суд прызнаў Антаніну Піванос вінаватай у арганізацыі масавага мерапрыемства і пакараў штрафам. Віцебскі абласны і Вярхоўны суды, у якія Антаніна Піванос накіроўвала скаргі на рашэньне суду першай інстанцыі, пакінулі гэтае рашэньне бязь зьмены.
Затое на абарону актывісткі стаў КПЧ ААН, які прызнаў, што правы Антаніны Піванос былі парушаныя і абавязаў Беларусь кампэнсаваць актывістцы панесеныя ёй страты. Мінула 180 дзён з дня прыняцьця рашэньня – такі тэрмін адвёў камітэт уладам краіны на яго выкананьне, – але ўлады так нічога і не зрабілі. Цяпер Антаніна Піванос спрабуе прымусіць фінансістаў выканаць рашэньне КПЧ праз суд.
Прадстаўнік адказчыка Віталь Шаранда заявіў у судзе, што пазоў Антаніны Піванос не прызнае. Маўляў, рашэньне па адміністрацыйнай справе ў дачыненьні да яе пяцігадовай даўнасьці не скасаванае, таму, нягледзячы на рашэньне КПЧ ААН, фінансавае ведамства не павінна ёй нічога кампэнсаваць. Тое, што апроч унутранага заканадаўства існуе яшчэ і міжнароднае права, нормы якога Беларусь абавязалася выконваць, у галоўным упраўленьні Мінфіну па Віцебскай вобласьці, відаць, ня ведаюць.
Інтарэсы Антаніны Піванос у судзе прадстаўляў адвакат Міхаіл Замалін. Ён зьвярнуў увагу суду, што у матэрыялах справы няма зьвестак, ці атрымалі ўлады Беларусі рашэньне КПЧ, і невядома, як яны адрэагавалі на яго. Таму ён заявіў хадайніцтва аб тым, каб зьвярнуцца з запытам у Міністэрства замежных спраў наконт таго, ці атрымлівала МЗС копію згаданага рашэньня, якім чынам МЗС адрэагавала і якому дзяржаўнаму воргану перадала справу на разгляд, і ці быў атрыманы ад гэтага дзяржаўнага воргану які-небудзь адказ самім Міністэрствам замежных спраў.
Судзьдзя Валянціна Кавалёва хадайніцтва прадстаўніка пазоўніка задаволіла. Адпаведны запыт будзе накіраваны ў МЗС. Наступнае судовае паседжаньне прызначанае на 16 траўня.