Серада, 17 Ліпень 2013

Пятра Іванова пазбавілі права абскардзіць судовае рашэньне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётар Іваноў Пётар Іваноў

Пётар Іваноў абскарджваў пастанову судзьдзі суду Першамайскага раёну Віцебску Натальлі Караблінай аб прыцягненьні яго да адміністрацыйнай адказнасьці. Скарга была прынятая. Празь некаторы час Пётар Іваноў атрымаў паведамленьне пра дзень і час разгляду яго скаргі ў абласным судзе. Якое ж было яго зьдзіўленьне, калі, прыйшоўшы ў прызначаны дзень у суд, ён даведаўся, што яго скарга разглядацца ня будзе – ані ў гэты дзень, ані ў які-небудзь іншы.

Пятру Іванову патлумачылі, што ў яго скарзе нібыта не прыведзеныя довады пра нязгоду з прынятым рашэньнем, што перашкаджае разгляду яе па сутнасьці ў судзе другой інстанцыі. Справу абласны суд вярнуў у суд Першамайскага раёну Віцебску. Такім чынам, на думку Пятра Іванова, яго пазбавілі права абараніць сябе ў судзе. Новую скаргу ён скласьці ня можа, бо ўжо мінуў тэрмін абскарджаньня пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Нагадаем, судзьдзя Карабліна пакарала Іванова паводле артыкулу 23.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях штрафам у памеры 5 мільёнаў рублёў нібыта за абразу супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Падчас разбору справы ў судзе Першамайскага раёну ён таксама, па сутнасьці, быў пазбаўлены магчымасьці прававой абароны: асудзілі Пятра Іванова завочна, ён нават і ня ведаў, што яго судзяць, бо позва ў суд прыйшла яму на наступны дзень пасьля завяршэньня судовага працэсу.