Як выявілася, сваяк опэрупаўнаважанага каля двух гадоў скупляў быдла ў жыхароў суседняга раёну і тамтэйшых гаспадарак. Разьлічваўся са здатчыкамі гатоўкаю, а потым вывозіў мяса ў Расейскую Фэдэрацыю.
Пракурор Глыбоцкага раёну Ігар Валынец распавядае падрабязнасьці: «Трывогу забілі работнікі адной з фэрмаў пасьля таго, як там з ініцыятывы “нарыхтоўшчыка” арганізавалі забой жывёлы. Яны і зьвярнуліся ў міліцыю. На месца здарэньня для праверкі і расьсьледаваньня інцыдэнту выехаў цяперашні падсудны. Але замест таго, каб разьбірацца па сутнасьці злачынства, ён узяўся кансультаваць вінаватых – каму і што казаць, каб пазьбегнуць адказнасьці. Дапамог сфальшаваць дакумэнты на незаконны забой жывёл».
Супрацоўніка міліцыі абвінавацілі ў злоўжываньнях службовымі паўнамоцтвамі. Суд прысудзіў яго да 3 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, забароны на ажыцьцяўленьне функцыяў прадстаўніка ўлады тэрмінам на 5 гадоў і штрафу ў 36 мільёнаў рублёў. Былы опэрупаўнаважаны на судзе віну не прызнаў. З рашэньнем судзьдзі ён не пагадзіўся і напісаў касацыйную скаргу. Пракурор раёну таксама прынёс пратэст на прысуд – ён, наадварот, палічыў пакараньне занадта мяккім. Цяпер справа будзе разглядацца ў абласной інстанцыі.
Алена Бегунова, sb.by