Пятніца, 18 Студзень 2019

Праваабаронца спраўдзіў, ці можна атрымаць харчовую дапамогу ад Чырвонага Крыжа

Ацаніць гэты матэрыял
(14 галасоў)

Віцебскі праваабаронца інвалід 2-й групы Валер Місьнікаў паспрабаваў атрымаць дапамогу ад Чырвонага Крыжа. Не адразу, але атрымалася. “Чырвоны Крыж можа дапамагчы нават з харчамі, але толькі тым, хто ведае пра такую магчымасьць, хто валодае інфармацыяй…” – кажа Місьнікаў.

Увесну 2018-га Валер Місьнікаў натрапіў на інтэрвію кіраўнікоў Швайцарскага Чырвонага Крыжа, якія паведамлялі, што на праекты ў Беларусі ў 2017 годзе было выдаткавана каля 300 тыс. швайцарскіх франкаў – “у знак салідарнасьці ад народа Швайцарыі народу Беларусі”. Казалі і пра праблемы, на вырашэньне якіх пойдзе плянаваная на будучыню дапамога: “праблемы пажылых людзей, здаровае старэньне і г.д.”.

“І тады я падумаў: а ці змагу я, як самотны пэнсіянэр і інвалід 2-й групы, атрымаць такую дапамогу для “здаровага старэньня” і ці можа гэта зрабіць любы беларускі пэнсіянэр, які знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы?..” – расказвае Місьнікаў.

“Магчыма, пра мяне забыўся народ Швайцарыі…”

Валер Місьнікаў зьвярнуўся спачатку ў Віцебскую абласную арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Запытаўся, ці атрымлівала абласная арганізацыя ў 2017-18 гадах гуманітарную дапамогу ад Швайцарскага Чырвонага Крыжа на праекты для інвалідаў. Старшыня абласной арганізацыі Галіна Жаланава адказала, што гуманітарнай дапамогі не атрымлівалі і што праекты, зьвязаныя з аказаньнем дапамогі інвалідам 2-й групы з паслабленай апорна-рухальнай сыстэмай, у рэгіёне не ажыцьцяўляюцца.

Тады віцяблянін напісаў зварот на імя выконваючага кампэтэнцыі старшыні Прэзыдыюму БТЧК Дзьмітрыю Піневічу. Задаў тыя ж пытаньні. У якасьці аргумэнту паведаміў, што на плянавую рэабілітацыю ён штомесяц аддае са сваёй пэнсіі 150 рублёў за лекі, а рэальнай матэрыяльнай падтрымкі ад дзяржавы не атрымлівае.

“Магчыма пра мяне забыўся народ Швайцарыі альбо Беларусі”, – з горкай іроніяй пісаў Місьнікаў.

Харчовая дапамога – магчымая

З рэспубліканскага офісу ЧК Місьнікаву паведамілі, што ягоны зварот быў накіраваны ў абласную арганізацыю, і запэўнілі, што адказ ён абавязкова атрымае. Сапраўды, 9 студзеня пэнсіянэр атрымаў зь Віцебскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа адказ, які, па сутнасьці, дубляваў папярэдні (што падобныя праекты не рэалізуюцца), але меў важны дадатак.

“Разам з тым Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа мае магчымасьць аказаць Вам харчовую дапамогу, для гэтага патрэбна падаць у арганізацыю наступныя дакумэнты: пашпарт, пасьведчаньне пэнсіянэра, даведку аб памеры пэнсіі за 3 месяцы, пасьведчаньне інваліда, – паведамілі з арганізацыі.

У выніку Валер Місьнікаў атрымаў у якасьці харчовай дапамогі пляшку алею, муку, цукар, чатыры бляшанкі розных кансэрваў. “Чым не падтрымка чалавеку, які ўвогуле аказаўся бязь ежы. Таму вялікі дзякуй!” – кажа.

“А хто пра гэта ведае?..”

Валер Місьнікаў дадае, што ён быў не адзін такі, хто прыходзіў у Чырвоны Крыж па харчовую дапамогу, але наколькі шырокі круг такіх людзей – ня ведае. Мяркуе, што такіх людзей магло б быць нашмат больш, бо пэнсіянэраў, якія зараз жывуць на мяжы жабрацтва – вельмі шмат.

“Але інфармацыі пра магчымую дапамогу няма, і ніхто пэнсіянэрам пра гэта ня кажа. Я б і сам ня ведаў, каб не прачытаў той артыкул пра швайцарцаў”, – запэўнівае Місьнікаў.

Мы спраўдзілі на афіцыйным сайце Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Насамрэч там маецца інфармацыя пра праект “Кансалідацыя досьведу і разьвіцьцё праграмы па здаровым і актыўным старэньні і аказаньні медыка-сацыяльнай дапамогі на даму” (ажыцьцяўляецца ад студзеня 2018 году). Як гаворыцца ў рэлізе, праект мае на мэце “паляпшаць здароўе і дабрабыт пажылых людзей, людзей з псыхічнымі захворваньнямі і інваліднасьцю”. Прадугледжвае мэдычную і сацыяльную дапамогу, догляд па месцы жыхарства, адвакацыю інтарэсаў уразьлівых груп, навучаньне і інфармаваньне насельніцтва.

Пра тое, што гэтыя людзі могуць атрымаць у Чырвоным Крыжы матэрыяльную, у тым ліку харчовую, падтрымку, нічога не гаворыцца.

Куды зьвяртацца па дапамогу ў Віцебску

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Віцебская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа складаецца зь дзьвюх гарадзкіх і 21 раённай арганізацыі. Усе кантакты маюцца на сайце. Асобна падаем для віцяблян:

  • Віцебская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: 210015, г. Віцебск, вул. Праўды, 18, тэл: 8(0212) 36-61-34; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
  • Віцебская гарадзкая арганізацыя: 210029, г.Віцебск, вул.Праўды,43 Тэл: 8 (0212) 47-64-83; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
  • Віцебская раённая арганізацыя: 210001, г. Віцебск, вул. Кастрычніцкая, 14 Тэл: 8 (029) 518-14-98; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Зьміцер Міраш