Субота, 13 Студзень 2018

“ЖРЭТ жарэ грошы арандатараў”. Як фірма “Грааль” змагаецца за памяшканьне ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Фірма "Грааль" пакуль не працуе... Фірма "Грааль" пакуль не працуе...

Жыхары дому па вуліцы Калініна, 24 ў Віцебску і працаўнікі кравецкай майстэрні “Грааль”, якая разьмяшчаецца ў гэтым доме, сьцьвярджаюць, што дзяржаўнае прадпрыемства “ЖРЭТ г. Віцебску” незаконнымі мэтадамі адбірае ў іх памяшканьне. “Тут сутыкнуліся закон і самавольства. І самавольства пакуль дамінуе”, – пішуць грамадзяне.

“Мы прывыклі ганарыцца, што жывем у сучаснай, устойлівай і прававой дзяржаве Рэспубліка Беларусь. Заўсёды лічылі, што ў Беларусі менавіта законы вызначаюць і рэгулююць правы і абавязкі грамадзян і органаў кіраваньня (…). Аднак, сутыкнуўшыся з рэальнымі пытаньнямі ўласнасьці ў асобна ўзятым доме, выявілі раптам, што нашыя правы і абавязкі вызначаюць чыноўнікі гарвыканкаму, ЖРЭТ і БТІ Віцебску. Гэтыя людзі лічаць законамі толькі свае ўласныя рашэньні (…). Хто даваў права службовым асобам быць вышэй за закон?..” – пытаюцца віцябляне.

Яшчэ больш рэзка выказваюцца ў сацсетках: “ЖРЭТ жарэ грошы арандатараў і прыватную ўласнасьць жыхароў Віцебску…”

Гісторыю змаганьня з дзяржстуктурамі за памяшканьне калясачнай заснавальнікі “Грааля” распавялі на сайце “Народ Беларусі гаворыць”. Там жа можна азнаёміцца са шматлікімі дакумэнтамі.  

Грошы за арэнду атрымлівала ЖРЭТ

Прадпрыемства “Грааль” цягам 15 гадоў аказвала паслугі па шытву і рамонту адзеньня ў памяшканьні былой калясачнай у доме па Калініна, 24, якім карысталася на правах арэнды. У 1993 годзе гэтая калясачная ў якасьці сацыяльна-бытавога памяшканьня ўвайшла ў склад прыватызаванай маёмасьці і зрабілася агульнадамавой уласнасьцю жыхароў прыватызаваных кватэр. Менавіта з гэтай прычыны і не было зарэгістраванае ў рэгістры дзяржмаёмасьці.

Але ў 2006 годзе ЖРЭТ патрабаваў зарэгістраваць калясачную. Быў ультыматум: калі хочаце арандаваць надалей – зьбірайце подпісы ў жыхароў дома аб згодзе на бязвыплатнае адчужэньне памяшканьня на карысьць ЖРЭТу. Аднак тады БТІ на падставе заканадаўства адмовіў  ЖРЭТ у дзяржрэгістрацыі. Хаця грошы за арэнду працягвалі паступаць менавіта ў ЖРЭТ.

“За гэтым стаіць крутая схема…”

Гісторыя працягнулася ў 2017-м, калі ЖРЭТ перазаключыў дамову аб арэндзе з “Граалем” пры ўмове, што прадпрыемства зоймецца зборам подпісаў аб згодзе жыхароў на перадачу памяшканьня ў гарадзкую камунальную ўласнасьць.

А калі ўладальнікі прадпрыемства “Грааль” паспрабавалі высьветліць, якім чынам яны могуць выкупіць памяшканьне ва ўласьнікаў (жыхароў дому, якія былі ня супраць), у Віцебскім гарвыканкаме патлумачылі, што памяшканьне ўсё адно мусіць быць аформленае як гарадзкая ўласнасьць, а затым – трэба будзе набываць праз аўкцыён.

У двары дому па Калініна, 24

“За гэтым стаіць крутая схема: ва ўласьнікаў рукамі арандатараў адкрыта адбіраюць памяшканьні сумеснага домаўладаньня. Пры гэтым у Беларусі ўжо даўно існуе практыка платнай перадачы памяшканьняў сумеснага домаўладаньня, і Камітэт дзяржкантролю неаднаразова даваў з гэтай прычыны тлумачэньні, у якіх адназначна абараняе правы ўласьнікаў прыватызаваных кватэр на агульнадамавую маёмасьць і лічыць грубым парушэньнем дзеяньні ЖРЭТаў і гарвыканкамаў па яго рэпрыватызацыі і незаконнай здачы ў арэнду”, – пішуць аўтары звароту.   

Прайграны суд. “Вось кола і замкнулася”      

У тым жа годзе ўласьнікі кватэр і заснавальнік фірмы “Грааль” прынялі сумеснае рашэньне зарэгістраваць памяшканьне на заснавальніка прадпрыемства шляхам платнага адчужэньня. Але сутыкнуліся з цяжкасьцямі: БТІ адмовіў ім у выдачы тэхпашпарту памяшканьня.

Потым была доўгая перапіска, скаргі і адмовы з боку гарадзкіх уладаў. А калі на пачатку лістапада 2017 году прадстаўнікі прадпрыемства пачалі зьбіраць подпісы на платнае адчужэньне, ЖРЭТ падаў іск у Эканамічны суд з мэтай высяленьня фірмы “Грааль” з памяшканьня. Суд “Грааль” прайграў.

“Вось кола і замкнулася: гарвыканкам, ЖРЭТ, БТІ, эканамічны суд. Куды там цягацца з “валадарамі” жыхарам дому і працаўнікам прадпрыемства “Грааль” Ніякі прафэсіяналізм юрыстаў-абаронцаў тут не дапаможа…” – зазначаюць удзельнікі працэсу з боку “Грааля”.

А як жа “канструктыўны дыялёг”, вызначаны Дэкрэтам №70? 

Пакрыўджаныя грамадзяне ўжо накіравалі скаргі ў Віцебскі гарвыканкам, аблвыканкам, памочніку Прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці, дзяржкантроль, пракуратуру, КДБ і Адміністрацыю прэзыдэнта. 

Выказваюць спадзяваньні, што іх гісторыя, якая яшчэ ня скончылася, стане прыкладам, які верне людзям веру ў дзейснасьць Законаў і Правасудзьдзе”. Спадзяюцца таксама, што гэта гісторыя “растлумачыць лінію эканамічнага разьвіцьця краіны, якая накіраваная на разьвіцьцё канструктыўнага дыялёгу паміж дзяржорганамі і прадпрымальнікамі і вызначаецца Дэкрэтам №70 Прэзыдэнта РБ…”

Пакуль жа на ўваходзе ў “Грааль” вісіць абвестка аб тым, што прадпрыемства часова не працуе “па тэхнічных прычынах”. Адсочваем сытуацыю.

Зьміцер Міраш