Аўтары пэтыцыі зьвяртаюць таксама ўвагу на тое, што доўгая лава, якая стаіць уздоўж сажалкі, небясьпечная для дзяцей, бо зь яе вельмі лёгка зваліцца ў ваду. Акрамя таго, зазначаюць, што спартовая зона ў парку абмяжоўваецца (калі ня ўлічваць футбольных палёў “Лякаматыву”) трыма турнікамі. “Гэтага мала”, - сьцьвярджаюць заяўнікі.
Спраўдзілі, ці ўсё так кепска ў парку пад Юр’евай горкай. Тым больш, што Парк чыгуначнікаў у Віцебску выконвае ня толькі рэкрэацыйныя функцыі. Гэта яшчэ, нагадаем, і афіцыйна “вызначанае месца” для правядзеньня мітынгаў і пікетаваньняў.
Пустэча, баскетбол і качкі
Напрыканцы кастрычніка Парк чыгуначнікаў выглядае вельмі сіратліва і непрытульна. Голыя старыя дрэвы (парк быў закладзены яшчэ ў XIX стагодзьдзі) быццам рыхтуюцца да ўцёкаў, але шанцаў ня маюць.
Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў у Віцебску
Кампанію дрэвам складае самотная стойка з пагнутым і занядбаным баскетбольным “кошыкам”, якая стаіць бадай на самай дарожцы. Непадалёк – камень з памятнай таблічкай, якая паведамляе, што ў 2005 годзе моладзьдзю Чыгуначнага раёну тут была закладзена алея ў гонар 85-годзьдзя ЛКСМБ.
Самае жывое і імпэтнае месца ў парку ў гэтую пару году – невялікая сажалка, у якой знайшлі для сябе прытулак некалькі дзясяткаў качак.
Качкі ў парку быццам свойскія
І падобна на тое, што ляцець у вырай яны ўжо не зьбіраюцца. Звыклыя да людзей, падыходзяць да аўтара гэтых радкоў на адлегласьць выцягнутай рукі, каб папрасіць ежы. Прастора напаўняцца патрабавальным краканьнем.
Плаваюць у сажалцы не адны толькі качкі...
Ставок сапраўды не зашкодзіла б пачысьціць. Але ці будзе хто гэта рабіць напярэдадні зімы – вялікае пытаньне.
Акультурыць? Навучыць спачатку сабачнікаў з торбачкамі хадзіць!
Доўгая лаўка, пра якую гаворыцца ў пэтыцыі, насамрэч небясьпечная. У некаторых месцах падмурак імкнецца спаўзьці ў ваду. Ніякай агароджы няма. Таму дзіця, якое частуе качак кавалачкам батону, зь лёгкасьцю можа пасьлізнуцца і плюхнуцца ў вадаём. З воку не выпускаць!
Лаўка каля стаўка небясьпечная і патрабуе рамонту
Сцэна на супрацьлеглым беразе нагадвае імправізаваную прыстань, але з фронту таксама ня мае агароджы.
– Так, гэта сцэна, а на той доўгай лаўцы звычайна гледачы сядзяць у Дзень чыгуначніка, – расказвае жанчына пэнсійнага ўзросту, якая з унукам-немаўляткам у вазку хаваецца ад восеньскай імжы пад навесам сцэны. – Я ўсё жыцьцё пры гэтым парку пражыла. Улетку тут добра – атракцыёны прывозяць. А колькі гадоў таму тут яшчэ арэлі-чаўны стаялі, цяпер ужо нічога няма.
Цэнтральная сцэна парку
Распавядае, што ў 1970-я ў парку дзейнічаў нават кінатэатар, квіток на сэанс каштаваў усяго 5 капеек (“Ды ніяк не называўся, “дашчатнік” такі”). Узгадвае, што раней гэты парк называлі “Ялагамі”.
- Акультурыць яго, можа, і трэба, але я б найперш прасіла, каб глядзелі, як тут з сабакамі гуляюць. Іншым разам і без павадку прыводзяць. А пароды ж розныя бываюць, сабака – непрадказальная жывёліна. А тут дзіця выбягае… І ведаеце, я тут яшчэ аніводнага сабачніка ня бачыла, каб прыходзіў з торбачкай і шуфлікам і прыбіраў за сваім сабакам, – кажа жанчына.
Парк патрабуе добраўпарадкаваньня
Сабачую тэму падтрымлівае і жанчына Сьвятлана, якая штодзень займаецца ў парку скандынаўскай хадзьбой. Заўважае, што парк добра прыбіраюць, дарожкі чысьцяць і ўзімку. Можна хадзіць.
– Але самае балючае для мяне – гэта сабакі. Добра калі іх на павадку трымаюць. Але ж тут хапае і беспрытульных, бадзяжных, - распавядае.
Дарэчы, прытулкам для сабак сталі цяпер рэдка калі запатрабаваныя чыгуначнікамі альбо мітынгоўцамі канцэртныя сцэны ў парку (іх дзьве). Бо трэба неяк выжываць і сабакам. Балазе дазвол з гарвыканкаму на выкарыстаньне пляцовак сабакам атрымліваць няма патрэбы...
Адна са сцэнаў у парку чыгуначнікаў
– Канечне, парк патрабуе добраўпарадкаваньня. Тут жа столькі людзей гуляе – ад немаўлят да старых. А лавак – вобмаль, атракцыёнаў зусім няма – адна вунь толькі пясочніца з брудам замест пяску, - дадае.
Астатнія выгоды – таксама з тых самых часоў, калі квіток на кінасэанс каштаваў 5 капеек. Туалет, які знаходзіцца на ўзгорку недалёка ад сажалкі, пабелены, але заходзіць усярэдзіну, па праўдзе кажучы, страшна.
Дарэчы, ніводны з нашых суразмоўцаў так і не ўзгадаў, ці бачыў калі ў гэтым парку якія мітынгі ці пікетаваньні. Дый наогул, ці магчыма ў гэтым месцы якасна адпачываць, займацца спортам ці ладзіць масавыя мерапрыемствы, калі не давесьці яго да ладу? Сумняваемся.
Са спартовых прыладаў - толькі тры турнікі
Зьміцер Міраш, фота аўтара