У сустрэчы бралі ўдзел галоўны ўрач Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч, спэцыяліст аддзелу па ідэалягічнай працы, моладзі і культуры Андрэй Бялецкі, галоўны інжынэр упраўленьня капітальнага будаўніцтва Віцебску Сяргей Польскі, начальнік гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валер Фандо, начальнік аддзелу ЖКГ Павал Шыкшнян, намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі ды іншыя службовыя асобы.
Грамадзкасьць прадстаўлялі сябры аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Ірына Захарава, Тацяна Севярынец, Алена Шабуня ды грамадзкая актывістка Тацяна Лапіна. Абмяркоўвалі пытаньні, што маюць датычнасьць да дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жытло і спрыяльнае асяродзьдзе" на 2016 – 2020 гады: плянаванае будаўніцтва Палацу шлюбаў у ахоўнай зоне Ніжняга замку; мэтазгоднасьць усталяваньня помніку княгіні Вользе; пабудову сьмецьцеперапрацоўчага камбінату, стан вывазу сьмецьця і дэзінфэкцыю сьмецьцевых бакаў; стан гарадзкога пляжу ў Сакольніках; адкрыцьцё ў Білеве офісаў дзіцячых мэдцэнтраў; сытуацыю з лазьнева-пральным камбінатам на Поўдні-7 і прыбіральняй ля помніку Ўладзімеру Караткевічу...
Як сьцьвярджаюць актывісты, віцебскае чынавенства не разумее, што эфэктыўна кіраваць горадам без уліку грамадзкай думкі і ацэнкі стаўленьня грамадзкасьці да найбольш спрэчных пытаньняў гарадзкога жыцьцяўладкаваньня папросту немагчыма:
«Ад сустрэчы склалася дзіўнае ўражаньне. Так, рэакцыю гарадзкога кіраўніцтва на выказаныя прэтэнзіі і парады можна перадаць словамі: "А што вам за дзела да ўсяго гэтага?" Калі пры канцы сустрэчы мы задалі пытаньне: "Вы нас пачулі?", адказ быў прагназаваны: «Мы вас пачулі!» Адзінае, што ім спадабалася з усёй нашай размовы, дык гэта наша згода з уладамі ў пытаньні заварваньня сьмецьцеправодаў у шматпавярховых дамох і наша прапанова паўдзельнічаць у інфармаваньні насельніцтва адносна рэалізацыі гэтай ідэі. Улады не разумеюць, што Віцебск – наш горад. Мы – яго жыхары, і нам ня ўсё адно, у якім горадзе мы будзем жыць, якія тут будуць каштоўнасьці, што тут будуецца. Вы ж прыслухайцеся да людзей, калі і вы таксама любіце свой горад. Падалося, што іхнае выкананьне наплянаванага аўтаматычнае. Нехта вырашыў, а яны – выканаўцы. Яны нават не прыслухоўваюцца да словаў кіраўніка вобласці Мікалая Шарстнёва, які сказаў: "Ніводнага новага будынку – пакуль не дабудуеце тое, што пачалі". Калі ёсьць лішнія грошы, то іх можна выкарыстаць больш эфэктыўна», – распавяла Тацяна Севярынец.
Агучаная актывістамі сума, выдзеленая на падрыхтоўку і ўладкаваньне тэрыторыі, прызначанай пад помнік княгіні Вользе, абурыла чыноўнікаў. Маўляў, адкуль вам вядома?! Але ж дакладная сума агучаная на афіцыйным дзяржаўным сайце і ўжо згадвалася ў прэсе!
Што тычыцца самога ўсталяваньня помніку, то асабліва на ўвасабленьні гэтай ідэі настойвае аддзел культуры гарвыканкаму, які мяркуе, што аб'ект прыцягне ў горад новых турыстаў. Да таго ж, як сьцьвярджаецца ўладамі, ён будзе пабудаваны на пазабюджэтныя грошы. На гэта актывісты заявілі, што ў горадзе ёсьць куды больш значны «турыстычны аб’ект» – прыбіральня ў парку Партызанскай славы. І гэта ня жарт. Бо побач з прыбіральняй, якую ніяк не абмінуць, знаходзяцца і помнік Уладзімеру Караткевічу, і музэй Шмырова, ды шэраг іншых гістарычных будынкаў. Аднак уладу не цікавіць рэакцыя турыстаў на наведваньне гэтай прыбіральні, шырока вядомай далёка за межамі Віцебску, да рамонту якой рукі ніяк не даходзяць, хоць яго таксама можна зрабіць за пазабюджэтныя сродкі.
Іншую тэму, узьнятую падчас сустрэчы з чыноўнікамі, агучыла Ірына Захарава: «Актывісты БХД ня супраць таго, каб заварылі сьмецьцеправоды, але перад тым супрацоўнікі гарадзкіх ЖРЭТаў мусяць правесьці прафіляктычную працу з жыхарамі шматпавярховікаў. Але ж дасюль ніякай працы няма. Сьмецьцеправоды знаходзяцца ў непрыдатным стане, зробленыя зь зялеза, паедзеныя іржой да дзірак. Калі дому больш за трыццаць гадоў, вядома, у якім стане сьмецьцеправод. Па нормах санстанцыі раз на паўгода трэба праводзіць санапрацоўку сьмецьцеправодаў, але ніхто гэтым не займаецца. Кантэйнэры таксама старыя, многія працякаюць. Тэлефануеш у домакіраўніцтва наконт рамонту, кажуць, што толькі за кошт жыхароў. На якой падставе?».
І ўсё ж, нягледзячы на супярэчлівае ўражаньне ад сустрэчы з кіраўнікамі гарадзкіх службаў, актывісты задаволеныя, што на гэтай сустрэчы ўдалося ўзьняць шмат надзённых пытаньняў, якія хвалююць жыхароў Віцебску.
С. Горкі