Пасьля таго, як УУС Віцебскага аблвыканкаму на час жніва прапанавала раённым уладам вобласьці абмежаваць на сваіх тэрыторыях продаж сьпіртных напояў, шэраг райвыканкамаў апэратыўна адгукнуліся на прапанову. У прыватнасьці, у мэтах зьмяншэньня траўматызму і парушэньняў працоўнай дысцыпліны гэтак ужо зрабіла кіраўніцтва Талачынскага і Чашніцкага раёнаў.
Як высьветлілася, пакуль у вясковых крамах Віцебскага раёну продаж сьпіртных напояў ажыцьцяўляецца без абмежаваньняў. Што тычыцца працаўнікоў гандлю, то яны зацікаўленыя ў тым, каб ніякай забароны не было і надалей, бо значны адсотак дзённай выручкі складае менавіта прыбытак ад продажу алькаголю. А вось думкі ўдзельнікаў жніва і вясковага жыхарства на гэты конт выглядаюць даволі неаднастайнымі.
Кажа жыхарка вёскі Падбярэзьзе: «Ні разу ня бачыла, каб нейкі трактар пад'яжджаў да крамы. Да нас яны сюды не заяжджаюць наогул. Аднак я лічу, што такое абмежаваньне патрэбнае. У мяне ў самой сын працуе ў сельскай гаспадарцы. Трэба. Трэба. І для людзей, я мяркую, таксама неабавязкова купляць ды піць. Пасьля розныя выпадкі ў сем'ях здараюцца. Самі ведаеце, што бывае, калі людзі знаходзяцца ў тым стане, які не адпавядае ім. Я б наогул ня толькі на час жніва забараніла».
Кіроўца МАЗу, які перавозіць збожжа: «Я як не злоўжываю, дык мне неяк усё адно. Дый тыя, хто побач працуюць, па крамах пасьля працы ня бегаюць, бо ведаюць, што назаўтра трэба садзіцца за стырно. А той, хто захоча выпіць, той знойдзе заўжды».
Кіроўца камбайну: «У прынцыпе, забарона ні на што не ўплывае. Для нас на першым месцы ўборка. Нам гэта не цікава. У час жніва зусім не ўжываем. З раніцы паехалі на працу і позна ўвечары прыехалі. Да таго ж нас кіраўніцтва папярэджвае на гэты конт».
Кіроўца аўтамаміля: «За ўсіх адказваць не бяруся, а што тычыцца мяне, то мне ўсё адно. Там жа, дзе людзі схільныя да злоўжываньняў алькаголем, такая мера, мабыць, і карысная. У нас жа, калі жніво, усё вельмі строга. Мы працуем, і думаць няма часу ня толькі пра гарэлку. Увечары прыйшлі, заснулі, з раніцы пайшлі на працу. І так на працягу месяца».
Аграном сельгаспрадпрыемства: «На ўсіх нармальных людзей гэтае абмежаваньне ніякім чынам не ўплывае. У нас запойных асобаў няма. Гэта, хутчэй, праблема для іх. У нас жа зараз напружаны час жніва. Перад намі стаяць іншыя задачы. Трэба найхутчэй сабраць сёлетні добры ўраджай, а алькаголікі для нас не арыентацыя».
Жыхар вёскі Альгова: «Магчыма, перашкаджае ўборцы. Галоўнае, каб зусім не перашкаджала, але хто захоча, той знойдзе. Што тычыцца мяне, то я вяду здаровы лад жыцьця. Да таго ж у мяне маленькі дзіцёнак, і мне наогул няма часу пра гэта думаць».
Нягледзячы на, здавалася б, лягічны крок уладаў, іх ініцыятыва тоіць у сабе і шэраг прававых, эканамічных ды маральных супярэчнасьцяў, але, найперш, гэткім чынам прызнае наяўнасьць у краіне праблемы алькагалізацыі насельніцтва і яе адносны ўплыў на рэальны сэктар эканомікі. Трэба зьвярнуць увагу і на тое, што агулам забараняючы продаж алькаголю, улады робяць замах на правы спажыўцоў, якія ня ўдзельнічаюць у працэсе сельскагаспадарчай вытворчасьці і ніяк не ўплываюць на яе пасьпяховасьць. Немалаважным застаецца і маральны аспэкт ініцыятывы: гэткім чынам улады выказваюць недавер да ўсіх працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасьці, для якіх час жніва – рэальная магчымасьць палепшыць свой фінансавы стан.
Забарона на продаж алькаголю – мера для тутэйшых уладаў ня новая, аднак па ўсім бачна, ніякага заўважнага эканамічнага эфэкту ад яе няма. Хутчэй, гэтая мера выглядае як імітацыя дзейнасьці мясцовых уладаў перад кіраўніком краіны ў адзін з самых важных эканамічных пэрыядаў году.
С. Горкі