Грамадзян, якія не працуюць больш за 183 дні на год, чыноўнікі лічаць ухілістамі ад фінансаваньня дзяржаўных выдаткаў. Але калі чалавек стаў на ўлік у бюро па працаўладкаваньні, то дзяржава вызваляе яго ад выплаты збору на патрэбы дзяржаўных выдаткаў. Аднак грамадзяне, зарэгістраваныя як беспрацоўныя, вядуць жабрацкае існаваньне. Дапамога па беспрацоўі складае каля 10 даляраў на месяц, беспрацоўныя жывуць за кошт міласьцяў чульлівых грамадзян, перабіваючыся з хлеба на ваду.
Пётар Сувораў страціў працу ў будаўнічым трэсьце ў лістападзе 2015 году, стаў на ўлік у бюро па працаўладкаваньні ў чэрвені 2016 году. Часам атрымлівае дапамогу ў 21 рубель, жыве за кошт дапамогі суседзяў.
Для атрыманьня дапамогі па беспрацоўі трэба адпрацаваць на грамадзкіх работах пэўную колькасьць дзён. Але Полацкае бюро па працаўладкаваньні не дае беспрацоўным дастатковых дзён працы для атрыманьня дапамогі.
Былы кандыдат у дэпутаты Анатоль Пракапенка, даведаўшыся пра гаротнае становішча Пятра, дапамог яму атрымаць аднаразовую дапамогу, што хоць неяк дапаможа палепшыць існаваньне.
Беспрацоўныя збольшага ня ведаюць сваіх правоў і магчымасьцяў атрымліваць аднаразовую фінансавую дапамогу. Пётар ніколі б не атрымаў аднаразовую дапамогу ад аддзелу сацыяльнай абароны, калі б яму не дапамог яго таварыш Анатоль.
Аляксандар Марозаў