Усё сваё жыцьцё старалася жыць сумленна. За савецкай уладай старанна працавала, зарабляла, ня крала і ведала, што ў мяне, дзякуючы добрасумленнай працы, будзе забясьпечаная старасьць... Карацей кажучы, працавала на карысьць грамадзтва і спадзявалася на лепшае.
Пасьля развалу Саюзу жыць стала цяжэй. Але і тут я не разгубілася – стала прадпрымальніцай, спраўна сплачвала падаткі. Пакуль магла – зарабляла і не падманвала дзяржаву. Аднак падаткі ўвесь час падвышаліся – і ў выніку прыйшлося спыніць любімую справу. Каб выжыць, вымушаная была зьехаць у Расею, у якой дзяржава дае людзям магчымасьць зарабіць... Але гэткім крокам я не нашкодзіла сваёй краіне – усе грошы, што атрымоўвала, у асноўным пакідала ў Беларусі, падтрымлівала яе эканоміку і лічыла – гэтага дастаткова. Бяда прыйшла неспадзявана: пагоршылася здароўе, давялося рабіць складаную апэрацыю, але, дзякуй богу, перажыла... Праўда, самаадчуваньне даволі складанае. А цяпер і з вачыма праблемы – пагоршыўся зрок.
Давялося задумацца пра пэнсію. У сувязі са зьменамі ў заканадаўстве пайшла на кансультацыю да спэцыяліста, каб даведацца пра ўмовы яе налічэньня. Стала адкрыцьцём, што працоўны стаж і стаж страхавы – цяпер розныя рэчы...
Адпаведна ўзросту я мусіла выйсьці на пэнсію яшчэ 18 студзеня гэтага году. Калі па-старому, то з улікам агульнага працоўнага стажу я мела права на атрыманьне пэнсіі, але цяпер улічваецца толькі страхавы стаж. Выявілася, што ў страхавы стаж не ўваходзяць гады, аддадзеныя на навучаньне, і трохгадовы дэкрэтны догляд дзіцяці. Аднак гэта яшчэ ня ўсё! Да 1999 году я займалася прадпрымальніцкай дзейнасьцю і не плаціла падаткаў у фонд сацыяльнай абароны. Але ж не было тады такога фонду, ведала б – заплаціла!
Атрымліваецца, што нават калі я зараз уладкуюся на працу, то ня здолею ўгнацца за пэнсійным узростам, які няспынна падвышаецца!
Мяне ашукалі, мяне абрабавалі! Маё здароўе пагаршаецца, і я ўжо не спадзяюся нават на сацыяльную пэнсію. Мяне ашукала і абрабавала дзяржава, на дабрабыт якой я працавала ўсё сваё жыцьцё.
Людзі, ведайце, што вас таксама падмануць! Дый як можна верыць хлусам, якія кажуць, што нібыта пэнсію ў нас атрымліваюць тыя, хто яе заслужыў? Але ж чыноўнікі, якія адказныя за крызысны стан эканомікі ў нашай краіне і сёньняшнія мізэрныя заробкі працоўных, чамусьці па-ранейшаму атрымліваюць і высокія пэнсіі, і неблагія заробкі. За ўсё адказвае народ, ахвярнымі казламі ўлада робіць нас з вамі!
Я не магу больш маўчаць, я не хачу ціха паміраць у адзіноце!
Пазбаўляючы мяне права на годную старасьць, дзяржава змушае мяне да супраціву!
Людзі, ведайце – вас рабуюць! Сёньня мы павінны быць разам!