Субота, 14 Верасень 2013

Дзяржаўны сацзаказ у 2014 годзе будзе ўкараняцца ў шасьці раёнах Віцебскай вобласьці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Галіна Жаланава Галіна Жаланава

Мэханізм рэалізацыі дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў 2014 годзе плянуецца ўкараніць у шасьці раёнах Віцебскай вобласьці. Пра гэта паведаміла журналістам старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Галіна Жаланава. Яна падкрэсьліла, што Віцебшчына актыўна ўключылася ў рэалізацыю новай рэдакцыі закону аб сацыяльным абслугоўваньні, бо ў жыхароў вобласьці існуе вялікая патрэба ў аказаньні розных відаў дапамогі. Гэта абумоўлена тым, што ў агульнай структуры насельніцтва рэгіёну доля пажылых людзей найвялікшая ў рэспубліцы.

«У вобласьці праводзіліся сацыялягічныя дасьледаваньні, якія паказалі, што попыт на сацыяльныя паслугі значна перавышае прапанову. На сёньняшні дзень атрымоўваецца задавальняць толькі 25% патрэбаў неабароненых катэгорыяў грамадзян, - сказала Галіна Жаланава. - Напрыклад, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва аказваюць паслугі 10 тыс. адзінокіх грамадзян, а іх у нас каля 100 тыс. Толькі адзінокіх інвалідаў у Віцебскай вобласьці 7 тыс. чалавек».

«З прыняцьцем новай рэдакцыі закону аб сацыяльным абслугоўваньні ў грамадзкіх аб’яднаньняў і недзяржаўных арганізацыяў зьявілася магчымасьць удзельнічаць у сацыяльным абслугоўваньні насельніцтва. Зараз ідзе апрабацыя новых мэтадаў працы і выпрацоўка практычных мэханізмаў рэалізацыі нарматыўных актаў. У Віцебскай вобласьці экспэрымэнтальнай пляцоўкай стаў Наваполацак. Тут ужо працуюць 5 мэдычных сясьцёр міласэрнасьці Чырвонага Крыжа, якія абслугоўваюць на даму 46 чалавек», - патлумачыла Галіна Жаланава.

Крыніца: Навіны.by