Чацвер, 21 Лістапад 2013

У Віцебску зьбіраюцца зламаць хаты і лёсы людзей дзеля нажывы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску выбухнуў чарговы зямельны скандал. Сямнаццаць жыхароў гістарычнага цэнтру зьвярнуліся ў незалежныя СМІ па дапамогу і падтрымку, змагаючыся з захопам іх зямельных участкаў і нерухомай уласнасьці прыватным камэрцыйным забудоўшчыкам.

Дзеля будаўніцтва ў Віцебску чарговага элітнага гмаху побач са Смаленскім рынкам у людзей зьбіраюцца адабраць зямельныя ўчасткі, а іх хаты маюць намер зьнесьці. Жыхары ў паніцы – яны ня ведаюць, у якім раёне гораду і якой якасьці ім будзе дадзенае жытло.

Сярод іншага, пад знос зьбіраюцца пусьціць дзьве хаты, разьмешчаныя паблізу кінатэатру «Мір»: № 35 па вуліцы Суворава і № 66-а па вуліцы Леніна. Першая падзеленая на дзьве паловы: гаспадыняй адной паловы зьяўляецца самотная інвалідка Лілія Патаева, у іншай пражывае сям’я Любові Копавай: сама жанчына, ейная дачка зь зяцем, сын і ўнучка. У другой хаце прапісаныя пэнсіянэры Васіль і Ніна Тулубенскія, а таксама іх сын Павал і ўнучка Вольга. Гэтыя людзі безабаронныя перад напорыстымі дзеяньнямі і камэрцыйнымі плянамі бізнэсоўцаў.

Ініцыятарам зносу прыватных хат зьяўляецца віцебская фірма – ТДА «Навукова-вытворчае прадпрыемства “Мера”», якая будуе шматпавярховік і гандлёва-адміністрацыйны будынак у квартале вул. Леніна, вул. Чэхава і вул. Грыбаедава, вул. Суворава. У плянах забудоўшчыка таксама добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю: побач з аб’ектамі, што ўзводзяцца, павінны зьявіцца праезды і пешаходныя дарожкі. Аднак рэалізацыі гэтых плянаў перашкаджаюць ўчасткі, хаты і пабудовы прыватнікаў.

Нядаўна «Праектны інстытут Віцебскгіпразем» накіраваў усім жыхарам, якіх зьбіраюцца пазбавіць уласнасьці, прапанову – «на падставе даручэньня Віцебскага гарвыканкаму» яны павінны даць сваю згоду на адабраньне ў іх зямельных участкаў. У выпадку нязгоды можна даць матываваную адмову.

Атрымалі ўдзельнікі гэтай гісторыі таксама лісты ад дырэктара прадпрыемства-забудоўшчыка Сяргея Літвінчука. У лістах паведамляецца, што НВП « Мера» гарантуе гаспадарам хат, якія будуць зьнесеныя, добраўпарадкаваныя кватэры.

Хаты скаргаў не напішуць

Удзельнікамі гэтай эпапеі зьяўляюцца не толькі людзі і іх лёсы. Пацярпець могуць і будынкі, якія маюць вялікае гістарычнае значэньне для Віцебску. Напрыклад, плянуецца рэканструяваць дом № 72 па вуліцы Леніна, у непасрэднай блізкасьці зь якім і ідзе будаўніцтва. Што застанецца пасьля рэканструкцыі ад гэтага помніку архітэктуры канца XIX – пачатку XX стагодзьдзяў?

Побач з будоўляй апынуліся іншыя помнікі архітэктуры – гэта так званыя «даходныя дамы» канца XIX стагодзьдзя, якія зьяўляюцца аднымі з найстарэйшых каменных пабудоў у горадзе, і некалькі дамоў па вуліцы Суворава – №№ 33, 37, 39. Усе гэтыя пабудовы ахоўваюцца дзяржавай. Відавочна, па заканчэньні будаўніцтва ў кастрычніку 2014 году, гэты цудоўны куток Віцебску страціць сваю гістарычную каштоўнасьць.

 

Дык хто ж будуе?

Валодаць шасьцю (!) зямельнымі ўчасткамі ў гістарычнай частцы Віцебску ўлады шчодра дазволілі сьціпламу таварыству з дадатковай адказнасьцю «НВП “Мера”», якое зарэгістраванае па адрасе вул. Янкі Купалы, 12/5, у Віцебску. А такая шчодрасьць, як той казаў, дарагога вартая!

Насьцярожвае тое, што ТДА «НВП “Мера”» – нічым не прыкметная шараговая бізнэс-структура, якая нават ня мае афіцыйнага сайту. Хаця, калі меркаваць па тым, што пра гэтую фірму пішуць у інтэрнэце, – быццам бы займаецца сур’ёзнай справай: распрацоўвае, вырабляе і прадае складаныя электронныя прыборы для аўтамабільнай, аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай тэхнікі і харчовай прамысловасьці. Аднак калі ў век інфармацыйных тэхналёгіяў «салідная» фірма ня мае афіцыйнага сайту, – гэта неяк падазрона.

І ўжо зусім дзіўна, што будаўніцтвам заняліся віцебскія прыборабудаўнікі. Прычым будаўніцтвам ня новых вытворчых памяшканьняў, а будаўніцтвам камэрцыйным, пра што сьведчыць назва будаўнічага аб’екту - «Рэканструкцыя будынку спэцыялізаванага раздробнага гандлю па вул. Леніна, 72, пад жылы і гандлёва-адміністрацыйны» (помнік архітэктуры канца 19 – пачатку 20 стагодзьдзяў). Адкуль такі размах і будаўнічы імпэт? Адкуль велізарныя сродкі на будаўніцтва падчас крызісу? Пытаньні пакуль застаюцца без адказу.

Але заслона таямнічасьці прыўздымаецца, калі выдаткаваць трохі часу на пошукі ў інтэрнэце. Адказы на таямнічыя пытаньні, мабыць, знаходзяцца ў горадзе Мыцішчы Маскоўскай вобласьці. Бо менавіта тут, у Падмаскоўі, зарэгістраванае нейкае Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Навукова-вытворчае прадпрыемства “Мера”». З сайтам ў расейцаў усё нармалёва (http://www.nppmera.ru). І зь дзейнасьцю, здаецца, таксама. Гэтая расейская прыборабудаўнічая фірма займаецца выпускам складаных прыбораў, якія выкарыстоўваецца ў ракета- і самалётабудаваньні, у энергетыцы і ў іншых высокатэхналягічных галінах.

Дык, мабыць, падмаскоўная ТАА «НВП “Мера”» і зьяўляецца натхняльнікам і крыніцай фінансаў бурнага будаўніцтва ў Віцебску чарговага жылога і гандлёва-адміністрацыйнага комплексу