Аўторак, 10 Чэрвень 2014

Андрэй Герашчанка: Традыцыйна мы падтрымліваем Лукашэнку, але ў нас да яго ёсьць пытаньні (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Андрэй Герашчанка Андрэй Герашчанка

Імя старшыні Віцебскага грамадзкага аб’яднаньня «Рускі дом» Андрэя Герашчанкі вядомае далёка за межамі Віцебску. За выказваньні ў падтрымку як мага больш цеснай інтэграцыі Беларусі з Расеяй і адданасьць пісьменьніка і грамадзкага дзеяча расейскай культуры адны лічаць яго ледзь ня здраднікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі, для іншых ён – бясспрэчны аўтарытэт. Андрэй Яўгенавіч ласкава пагадзіўся адказаць на пытаньні «Дыялёгу», каб прадставіць чытачам сваю пазыцыю наконт грамадзка значных аспэктаў жыцьця.

Раскажыце, калі ласка, пра «Рускі дом». З чаго ўсё пачыналася?

Арганізацыя «Рускі дом» мае гарадзкі статус. У ёй налічваецца каля 30 чалавек. Галоўная мэта і задача арганізацыі – гэта падтрымка і захаваньне расейскай культуры, расейскай мовы, гістарычных помнікаў, гэта значыць гэта цалкам культуралягічная дзейнасьць.

Калі казаць пра тое, адкуль наогул узьнікла ідэя такой арганізацыі, як «Рускі дом», – справа ў тым, што пасьля распаду Савецкага Саюзу паўстала праблема захаваньня культурнай і гістарычнай агульнай прасторы і пачалі стварацца розныя структуры, таварыствы. Як правіла, яны называліся «рускія», альбо, напрыклад, арганізацыі народаў Расеі, гэта значыць чувашоў, татараў, дагестанцаў. Гэта было зьвязана з тым, што ў Расеі даўно была прынятая праграма падтрымкі суайчыньнікаў. І з тым, каб нейкім чынам удзельнічаць у культурных працэсах, у тым ліку, з Расеі, патрэбная была афіцыйная структура.

Я доўгі час працаваў у «Рускім таварыстве», у яго Віцебскім аддзяленьні. Але калі мы ўжо трохі больш папрацавалі, то ў 2009 годзе прынялі рашэньне вылучыцца і стварыць самастойную арганізацыю.

Якія праекты ў цяперашні час рэалізуе «Рускі дом» і іншыя рускія арганізацыі ў Беларусі?

У першую чаргу гэта, вядома ж, культуралагічная дзейнасьць. Гэта некалькі напрамкаў дзейнасьці. Самае важнае – гэта каб у полі ўвагі аказваліся найбольш ключавыя і важныя даты. Сёлета гэтае стагодзьдзе Першай сусьветнай вайны. Гэта тыя бітвы, якія адбываліся на Беларусі. Ёсьць шмат фактаў, якія дагэтуль невядомыя – гэтая вайна як бы напаўзабытыя, бо ў Савецкім Саюзе яе лічылі імпэрыялістычнай. Потым пра яе таксама ня вельмі казалі, а тут - стагодзьдзе, важная дата.

70 гадоў вызваленьня Беларусі – вядома ж, таксама найважнейшая такая дата. 200 гадоў з дня нараджэньня Лермантава. 700 гадоў, зараз праходзяць сьвяткаваньні, з дня нараджэньня Сергія Раданежскага. Наконт Раданежскага зразумела, што гэта прыкладная дата, бо дакладнай даты няма, але ўсё адно лічыцца 700-годзьдзе.

Усе гэтыя асноўныя напрамкі культуралагічныя рэалізоўваюцца ў выглядзе рознага кшталту дзіцячых конкурсаў, навуковых канферэнцыяў, падрыхтоўкі якіх-небудзь альманахаў, брашур, выданьняў. Але акрамя гэтага ёсьць традыцыйныя мерапрыемствы, якія ня толькі «Рускім домам» ладзяцца, але і іншымі арганізацыямі суайчыньнікаў, - гэта рознага кшталту фэсты, спартовыя спаборніцтвы. Мы ў Віцебску некаторы час праводзілі спартакіяду «Мы нашчадкі Перамогі». Таксама мы ладзілі і конкурс рускай музыкі і песьні «Горад княгіні Вольгі».

Якое стаўленьне да Вашай арганізацыі з боку мясцовых уладаў?

Пэўнае халоднае стаўленьне з боку ўладаў – яно адчуваецца. Зьвязана гэта, напэўна, зь некалькімі момантамі. Па-першае, у нас наогул ня вельмі вітаецца якая-небудзь грамадзкая дзейнасьць ня ў рамках дзяржавы. Другі момант тут, напэўна, – гэта ўкраінскія падзеі: яны нейкія страхі спараджаюць. І трэцяе: калісьці са мной не працягнулі кантракт акурат з-за маёй грамадзкай дзейнасьці – безумоўна, гэта таксама адбіваецца. Той кіраўнік адміністрацыі, які мяне звальняў, цяпер зьяўляецца першым намесьнікам нашага губэрнатара. Безумоўна, сьляды тых былых праблем ва ўзаемаадносінах застаюцца, але гэта не зьяўляецца чымсьці непераадольным. Папросту, часам нешта складаней вырашаць, дамаўляцца.

У Беларусі не за гарамі прэзыдэнцкія выбары. Ці будзеце вы актыўна ў іх удзельнічаць, або руская дыяспара будзе назіраць за тым, што адбываецца, з боку?

Мы традыцыйна заўсёды падтрымліваем Лукашэнку. Але ў апошні год у нас узьніклі пэўныя пытаньні наконт ягонага курсу, наконт ягоных заяваў. Бо ж сытуацыя звычайна такая, што ў нас бывае 5-6 празаходніх палітыкаў і адзін Лукашэнка, які, умоўна кажучы, прарасейскі. Таму нам выбіраць асабліва няма з чаго. Бо ў адваротным выпадку могуць прыйсьці да ўлады людзі з пазыцыяй, падобнай да пазыцыі цяперашніх кіеўскіх уладаў. Таму, безумоўна, у гэтай сытуацыі мы ня будзем рабіць якіх-небудзь захадаў супраць дзеючага кіраўніка дзяржавы. І, больш таго, у прынцыпе, мы нічога ня маем супраць, але ў нас ёсьць пэўныя пытаньні наконт яго пазыцыі.

Што тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў, я мяркую, што мы ня будзем ніяк у іх удзельнічаць, бо сам кіраўнік дзяржавы мае дастаткова моцны апарат, які яму ўсё забясьпечвае, а нам ня хочацца стаць падобнымі да «Белай Русі», БРСМ і праяўляць асаблівую актыўнасьць там, дзе гэтага ня трэба.

Як Вы пракамэнтуеце падзеі ва Ўкраіне? Якім Вы бачыце шлях вырашэньня канфлікту паміж двума праваслаўнымі народамі?

Праблема на Ўкраіне вельмі складаная. Праблема, на мой погляд і на погляд нашай арганізацыі, у тым, што доўжыцца, па сутнасьці, сытуацыя 1991 году, калі адбываецца перадзел на постсавецкай прасторы. Безумоўна, Украіна вельмі важная для Захаду ў тым пляне, каб ня даць Расеі ўцягнуць яе ў сваю арбіту, каб не атрымаць ізноў небясьпечнага геапалітычнага канкурэнта. Натуральна, усе сілы таго ж Захаду накіраваныя сёньня на тое, каб Украіну утрымаць у сябе або, прынамсі, не дапусьціць яе ў Мытны саюз – бо сумнеўна, што 40-мільённая Ўкраіна будзе прынятая ў Эўразьвяз найбліжэйшым часам.

І, натуральна, калі ўжо пралілася кроў, тады вельмі шмат нянавісьці з абодвух бакоў. Гэта як пінг-понг: адзін шарык з гневам кінуў, другі яму адказаў. Калі вайна, калі людзі загінулі – гэта ўжо далёка зайшло. Тут нейкім чынам неабходна прымаць рашэньне.

І праблема яшчэ ў адным тут – гэта ўрок для многіх, хто лічыў, што Расея абсалютна як бы ўжо ні на што не прыдатная. Насамрэч, безумоўна, такая магутная краіна ня можа быць у такім падзеленым стане. Таму што калі Савецкі Саюз распадаўся, тыя межы, якія былі нарэзаныя па саюзных рэспубліках, яны шмат у чым ствараліся бальшавікамі прыблізна і штучна. Калі браць рускіх, то блізу 25 мільёнаў апынулася за межамі непасрэдна Расеі.

Адпаведна, якія ёсьць варыянты? Альбо гэтыя людзі павінны зьехаць у Расею, але яны там жылі стагодзьдзямі – нават калі бярэм Адэсу або так званую Наваросію. Таму тут пытаньне, напэўна, якіх-небудзь рэфэрэндумаў. Нельга танкамі і аўтаматамі прымусіць жыць у складзе той дзяржавы, дзе людзі ня хочуць жыць. Таму я зьяўляюся прыхільнікам таго, каб альбо была створаная шырокая аўтаномія гэтых рэгіёнаў, альбо каб усё ж людзям не перашкаджалі выбіраць той шлях, які яны хочуць самі выбраць.

І, напрыканцы, крыху правакацыйнае пытаньне. У цэлым, Вы – за тое, каб была сувэрэнная незалежная Беларусь, альбо Вы бачыце яе складовай часткай Расеі, своеасаблівым «Паўночна-Заходнім краем”?

На сёньня існуе Рэспубліка Беларусь. І адпаведна мы, як законапаслухмяныя грамадзяне, якія ня ставім пад сумнеў гэты момант і лічым, што павінна быць асобная дзяржава. Тым больш, што ў Расеі праблем шмат. Але гэта ня значыць, што так павінна быць заўсёды, альбо што гэта нешта нязьменнае. Быў калісьці Савецкі Саюз – ён распаўся. Магчыма, у будучыні, гадоў праз 50-60, калі нармальна будуць разьвівацца эканамічныя сувязі, мабыць, большай будзе ступень інтэграцыі, як, напрыклад, у Эўрапейскім Зьвязе, альбо будзе якая-небудзь фэдэрацыя. А, можа, будуць і далей існаваць асобна краіны, але як хаўрусьнікі, падобна як, напрыклад, Вялікая Брытанія і ЗША.

Мы ніякіх нязручнасьцяў ад таго, што жывем у сувэрэннай рэспубліцы, не адчуваем. Больш таго, у нас у расейскіх арганізацыях 80% - беларусы, а не расейцы. Гэта важна разумець. Некаторыя думаюць, што нашы арганізацыі – гэта этнічна расейцы. Але яны паводле пазыцыі проста рускія, а паводле этнічнага складу, практычна, супадаюць з насельніцтвам Беларусі.

Таму нас тут усё абсалютна задавальняе, гэтаксама, як беларуская мова. Калі казаць пра беларускую мову – у ёй процьма слоў карэнных старажытнарускіх, якія былі за часамі Вялікага Княства Літоўскага. Іншая справа, што ня варта, мабыць, залішне палітызаваць гэты момант. Мы за дзяржаўнае двухмоўе і за тое, каб рэспубліка разьвівалася ў двухмоўнай сытуацыі. Бо расейская мова – гэта мова камунікацыяў і, па сутнасьці, сусьветная мова, а беларуская – гэта мова своеасаблівая, мова нашай этнічнай адметнасьці мясцовага насельніцтва.

Крыніца: Дыялёг Online газэта