Панядзелак, 07 Ліпень 2014

Глыбокае адзначыла сваё 600-годзьдзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Глыбокім з 3 па 5 ліпеня сьвяткавалі шасьцісотгодзьдзе з дня заснаваньня. Сьвяткаваньне сумясьцілі зь дзяржаўнымі сьвятамі незалежнасьці і вызваленьня гораду падчас Другой сусьветнай вайны. На ўезьдзе ў Глыбокае пра юбілей нагадваў знак «600 гадоў», зроблены на расейскай мове.

Першы дзень сьвяткаваньняў у асноўным быў прысьвечаны дзяржаўным сьвятам незалежнасьці і вызваленьня. Перад гарвыканкамам, на ганку якога стаялі кіраўнікі гораду, прайшлі мітынг і сьвяточнае шэсьце. Склалася ўражаньне, што ўсе выступалі толькі для чыноўнікаў, якія стаяць на прыступках гарвыканкаму.

Запомніўся выступ праваслаўнага сьвятара, бо быў прамоўлены на беларускай мове, што здараецца рэдка. У гэты дзень мала што нагадвала пра 600-годзьдзе гораду, завяршыўся дзень сьвяточным фэервэркам. Як казалі мясцовыя жыхары, паглядзець на салют выйшла амаль палова 20-тысячнага гораду.

На наступны дзень сьвята працягнулася адкрыцьцём манумэнтальнай скульптуры Юрыю Сабалеўскаму, прафэсару, заснавальніку беларускай нацыянальнай школы геатэхнікі. Бюст на пастамэнце ўсталяваны ў сквэры знакамітых землякоў, на «Алеі Славы» – гэтак называюць гэты сквэр жыхары Глыбокага. На Алеі Славы ўжо ўсталяваныя бюсты 9 знакамітым землякам, сярод іх: Павал Сухі – авіяканструктар, Ігнат Буйніцкі – стваральнік беларускага тэатру, Язэп Драздовіч – мастак, Вацлаў Ластоўскі – прэм’ер БНР.

5 ліпеня ў горадзе адбыліся малітоўныя службы хрысьціян бізантыйскага (праваслаўнага) і лацінскага (каталіцкага) абрадаў, кожная ў сваім храме, якія вылучаюцца на гарызонце гораду. У гэты ж дзень па вуліцы перад гарвыканкамам прайшло тэатралізаванае шэсьце, якое сымбалізуе повязь гістарычных падзеяў. Па вуліцы прайшліся рыцары, манахі, князі. Была прадстаўленая інсцэнізацыя нямецкай акупацыі Глыбокага і падзеяў далейшага мірнага жыцьця – аж да нашых дзён.

Горад Глыбокае паступова папаўняецца сваімі сучаснымі помнікамі і славутасьцямі. Сярод іх помнік барону Мюнгаўзэну, усталяваны каля старых могілак, дзе ёсьць магіла з надпісам «FERDINAND u. WILHELMINE von MUNCHAUSEN». Каля касьцёлу на плошчы 17 верасьня ўсталяваная манумэнтальна-дэкаратыўная скульптура па эвангельскім сюжэце «Ісус і самаранка». На беразе возера створаны «Сквэр маладых» з рознымі архітэктурнымі формамі ў выглядзе падковы, сэрца з анёламі, гаманца з ключамі. І ўжо знакаміты помнік Вішні, адкрыты да першага Вішнёвага фэсту ў 2013 годзе.

Крыніца: Дыялёг Online газэта