Дом №2, на вуліцы Калініна, зносілі марудна і цяжка, мэтар за мэтрам, паверх за паверхам, пакуль на яго месцы не засталася куча будаўнічага сьмецьця. Іншыя старыя дамы ў Віцебску зносілі куды хутчэй, усяго за некалькі дзён. Разам са старадаўнім будынкам была зьнішчаная частка гісторыі гораду і памяць пра людзей, якія тут пражывалі. Сярод іх былі вядомыя артысты драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.
Замест таго, каб дом адрамантаваць і зрабіць зь яго частку культурнай спадчыны Віцебску, яго проста сьцерлі з мапы гораду. Вуліца Калініна, якую задумалі зрабіць часткай музэйнага кварталу, пазбавілася аднаго з патэнцыйна цікавых аб’ектаў. Хаця, мабыць, на думку заказчыка і адначасова падрадчыка зносу, клюмба, разьбітая на гэтым месцы, будзе прыцягваць турыстаў куды больш.
Вось так выглядаў ўчастак вуліцы Калініна ў студзені 2010 году. Зь левага боку яшчэ ёсьць сквэр з адбойным слупом XIX стагодзьдзя, якіх ужо няма. Справа відаць дом №2, пабудаваны ў 1934 годзе, яго таксама ўжо няма.
Крыніца: Віцебскі кур'ер