Панядзелак, 22 Верасень 2014

Абуральную безгаспадарчасьць выявіў КДК у Лёзненскім лясгасе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праверка Камітэту дзяржаўнага кантролю і пракуратуры Віцебскай вобласьці выявіла ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Лёзьненскі лясгас” грубыя парушэньні патрабаваньняў ляснога заканадаўства пры ажыцьцяўленьні нарыхтоўкі драўніны, а таксама факты безгаспадарчасьці. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі.

Яшчэ ў студзені 2010 году лесаводы Лёзьненскага лясгасу ў 26-м квартале Залескага лясьніцтва выявілі каранёвую гнілізну ў ясянёвых насаджэньнях на плошчы 21,7 га. Гэта зафіксавана ў акце абсьледаваньня, складзеным ўзімку, калі дрэвы стаяць бязь лісьця. Запісана, што акт складзены ў прысутнасьці галоўнага лясьнічага. У дзяржаўных кантралёраў такія дэталі з самага пачатку выклікалі сумневы, але далейшае вывучэньне выявіла і больш абуральныя акалічнасьці. Пацярпелым у 26-м квартале аказаўся ўвесь 7-ы выдзел плошчай больш за 40 га. Для тэрміновай распрацоўкі загінулых ясеньнікаў на дапамогу Лёзьненскаму лясгасу паступіла лесанарыхтоўчая тэхніка зь Верхнядзьвінскага, Аршанскага і Расонскага лясгасаў, а таксама з прыватных арганізацыяў. Гэтая тэхніка мусіла ў 2010-2011 гадох нарыхтаваць 7 тыс. куб.м драўніны (уключаючы 3,4 тыс. куб.м дзелавой), але было нарыхтавана, вывезена і рэалізавана каля 6 тыс. куб.м драўніны. Кантралёраў зацікавіла, дзе яшчэ тысяча кубамэтраў драўніны.

Апэратыўныя кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што насамрэч распрацоўка лесасек не была завершаная аж да чэрвеня 2014 году: на лесасеках меліся шматлікія недасекі і нестралёваная драўніна (ля карча, зваленая і расьпілаваная). Службовыя асобы Лёзьненскага лясгасу тлумачылі яе наяўнасьць тым, што за тры гады драўніну немагчыма было вывезьці ані зімой, ані летам. Нібыта за тры зімы ні разу не было моцных маразоў, а за тры лета - сухога надвор’я, якая дазваляла завяршыць тралёўку і вывазку драўніны.

У чэрвені бягучага году, прайшоўшы па дыяганалі ўсе 40 га праз былыя ясеньнікі (з прамыўным тыпам воднага рэжыму), кантралёры так і ня выявілі ніякай вільгаці, а ў жніўні перасох нават натуральны ручаёк. Таму ў Лёзьненскім лясгасе была прызначаная пазаплянавая праверка.

Паводле дадзеных бухгальтарскага ўліку па гасразьліковай дзейнасьці ДЛГУ “Лёзьненскі лясгас” у 26-м і 28-м кварталах Залескага лясьніцтва лічылася 1250 куб.м нестралёванай ліквіднай драўніны агульным коштам Br295,2 млн. Драўніна была нарыхтаваная лясгасам ў 2010-2011 гадох і да пачатку праверкі (20 жніўня гэтага году) заставалася нестралёванай на лесасеках. Установа парушыла патрабаваньні, выкладзеныя ў лесарубных квітках на нарыхтоўку драўніны, тэрмін нарыхтоўкі якой з улікам адтэрміноўкі скончыўся 31 сьнежні 2012 году.

Да зьяўленьня кантралёраў ніхто і не спрабаваў, выкарыстоўваючы ідэальнае надвор’е мінулага лета, забраць 1250 куб.м драўніны зь лесасек. Такое становішча спраў можна расцаніць як абуральную безгаспадарлівасьць. Службовыя асобы лясгасу, якія праводзілі агляды месцаў высечак, не пазначылі наяўнасьць на двух лесасеках 412 куб.м лесапрадукцыі, а значыць, у акты былі ўнесеныя непраўдзівыя зьвесткі.

Толькі падчас праверкі нарыхтаваная і ня вывезеная своечасова з кварталаў 26 і 28 Залескага лясьніцтва драўніна ў аб’ёме 1250 куб.м агульным коштам Br295,2 млн была прынятая бязвыплатна на ўлік лесагаспадарчай дзейнасьці (бюджэтнай) ДЛГУ “Лёзьненскі лясгас”, а ў бухгальтарскім уліку былі зробленыя адпаведныя запісы.

Ужо падчас праверкі праца на лесасеках аднавілася. На 29 жніўня было стралёвана звыш 300 куб.м драўніны, а да 17 верасьня бягучага году ўсе 1250 куб.м драўніны былі не толькі цалкам вывезеныя, але і рэалізаваныя.

Кантроль за ліквідацыяй выяўленых парушэньняў і хібаў будзе працягнуты.

Крыніца: БелТА