“Мова 墨瓦” ў арыгінале выдадзеная па-беларуску. Але ёсьць і рускамоўная вэрсія. Учора атрымаў першую прапанову ад знанага перакладчыка перакласьці на ангельскую. Дапушчаю, што гучаньне твору будзе інтэрнацыянальным. У кастрычніку я еду ў Франкфурт-на-Майне, дзе праходзіць самы буйны ў сьвеце кніжны кірмаш, і буду там рабіць прэзэнтацыю “Мовы”, - распавёў Віктар Марціновіч.
Ён падкрэсьліў, што ў Беларусі першая прэзэнтацыя яго новага раману прайшла менавіта ў Віцебску: “Гэта значны, адметны для мяне горад”. (Марціновіч абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму “Віцебскі авангард (1918-1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка”).
У Менску крыху раней, 10 верасьня, была аўтограф-сэсія, на якой пісьменьнік толькі падпісваў кнігі. Віцебская сустрэча адбылася, як зазначыў спадар Марціновіч, дзякуючы настойлівасьці і энэргічнасьці каардынатара грамадзкай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” на Віцебшчыне Ўладзімера Булаўскага. У беларускай сталіцы прэзэнтацыя твору заплянаваная пазьней.
У друк ужо пайшоў другі наклад твору. “Першы наклад быў рэкордным для сучаснай беларускай літаратуры - тысяча асобнікаў. Прычым ён разышоўся па Беларусі без усялякай рэклямы, дадатковых высілкаў, прэзэнтацыяў, замоўленых рэцэнзіяў - усяго за паўтары тыдні. Гэта фенамэнальны тэмп”, - не бяз гонару сказаў аўтар.
Пісьменьнік заінтрыгаваў тых, хто яшчэ не чытаў раман:
- Гэты твор вельмі супярэчлівы, трохі скандальны. І нягледзячы на тое, што ён мае моцны сюжэт, гэта не сюжэтная літаратура. Хаваючыся пад абліччам моўнага “баевіка”, тэкст спрабуе адказаць на балючыя пытаньні, якія насьпелі ў нашым грамадзтве. Асноўнае зь іх - мова. Я паспрабаваў асэнсаваць гэтую праблему ў катэгорыях навуковай фантастыкі.
Дзея твору адбываецца ў Менску ў 4741 годзе паводле кітайскага календара. Менск больш не сталіца Беларусі. Тэрыторыя, якую мы зараз называем Беларусьсю, зьяўляецца часткай Паўночна-заходніх зямель саюзнай расейска-кітайскай дзяржавы. Слова “Беларусь” забытае. “Мы ўсе рускія людзі”, - кажуць нам героі тэксту.
У гэтым сьвеце задаволеных людзей, для якіх шопінг стаў рэлігіяй, ёсьць нешта, што знаходзіцца пад поўнай забаронай. Гэта “нешта” ёсьць мова. Празь мяжу цягаюць нейкія скруткі і распаўсюджваюць іх у падпольлі. Людзі “падсаджаныя” на мову, яны спажываюць яе, каб атрымаць кайф. Пры гэтым ёсьць сьвет дзяржнаркакантролю, які спрабуе змагацца з распаўсюдам моўнага наркотыку. У кнізе два героі, адзін зь іх - скончаны доўбень (ён “даўбіцца” мовай), і просты “чувачок”, які цягае мову празь мяжу. І ў пэўны момант у руках кантрабандыста аказваецца каштоўны скарб…
Пасьля Віктар зачытаў кароткі фрагмэнт з раману. Прызнаўся, што робіць гэта ўпершыню і, магчыма, у апошні раз: “Бо ў меня вельмі дрэнна атрымліваецца чытаць тэксты”. І патлумачыў прычыну такой прэм’еры: “Мой сябар Альгерд Бахарэвіч кажа, што гэта важны момант - калі тэкст запускаецца. А сёньня мы маем справу зь беларускім запускам кніжкі. І ад таго, як ты правядзеш зь ёй пэўныя містычныя дзеяньні, залежыць, як яна паплыве”.
На сустрэчы можна было набыць раман на беларускай і расейскай мовах, атрымаць аўтограф і, натуральна, задаць пытаньні пісьменьніку.
Крыніца: Тут.бай