Субота, 11 Ліпень 2026

Збіраў грошы “на храм”, а траціў на алкаголь

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Міліцыя паведаміла пра затрыманне 40-гадовага жыхара Віцебшчыны, які “организовал и руководил деятельностью псевдорелигиозных организаций, сект, в том числе признанных экстремистскими”. У міліцэйскім прэс-рэлізе гаворыцца, што мужчына таксама “создал и администрировал аккаунты в соцсетях, где предлагал церковные услуги, а также размещал порнографические материалы”. “Наша Ніва” высветліла асобу фігуранта.

 Паводле інфармацыі МУС, у сваім доме мужчына арганізоўваў групавыя оргіі, у якіх і сам браў удзел, пры гэтым не папярэджваў партнёраў пра свой станоўчы ВІЧ-статус. Пад увагу міліцыі ён трапіў не ўпершыню, бо ўжо адбываў пакаранне за распусныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетніх, распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў, а таксама за крадзеж рэлігійных прадметаў.

«Наша Ніва» высветліла асобу затрыманага: ім аказаўся вядомы рэлігійны махляр Юрый (Георгій) Крот. Ён ужо больш за дзесяць гадоў “гастралюе” па Беларусі, выдаючы сябе за іерархаў розных цэркваў, і рэгулярна трапляе ў крымінальныя хронікі. Родам “вялікі камбінатар з Магілёўскай вобласці, да 2012 года Крот працаваў звычайным качагарам у Глуску, але затым вырашыў заняцца махлярствам.

“У лістападзе 2012 года Крот нейкім чынам здолеў уцерціся ў давер да расстрыжанага за крадзеж царкоўнай маёмасці «патрыярха» раскольніцкай «Расійскай Сапраўдна-Праваслаўнай Катакомбнай Царквы». Той у адзін дзень не толькі прыняў былога качагара ў сваю групоўку, але і адразу ж пасвяціў яго ў «епіскапа Мінскага і Полацкага, в.а. Экзарха ўсяе Беларусі».

“Атрымаўшы паперу, Крот пачаў гастраляваць па Бабруйскай епархіі: прадстаўляўся клірыкам Грузінскай, Абхазскай і Украінскай праваслаўных цэркваў, праводзіў прыватныя набажэнствы, хрысціў дзяцей, асвячаў машыны і, вядома, збіраў ахвяраванні. Прыхаджане аддавалі яму не толькі грошы, але і каштоўнасці з камп'ютарнай тэхнікай. Як тлумачыў пазней святар Бабруйскай епархіі айцец Сергій, Крот быў надзвычай пераканаўчым. Некалі ён паспеў пабыць служкам пры манастыры ва Украіне, дзе вывучыў парадак рытуалаў і царкоўную лексіку. Акрамя таго, махляр збіраў плёткі пра мясцовых святароў і ўмела маніпуляваў гэтай інфармацыяй, уваходзячы ў давер да людзей”, - піша “Наша Ніва”.

У 2019 годзе Георгій Крот усплыў ужо ў Віцебскай вобласці. Яго апетыты выраслі: цяпер ён называў сябе «настаяцелем Скіта Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы» і актыўна збіраў грошы праз інтэрнэт.

Яшчэ ў студзені 2018 года Крот стварыў для збору сродкаў на аднаўленне міфічнага «скіта» суполку «Укантакце» пад назвай «Дабравешчанне Божай Маці». Мясцовасцю пазначаныя Казловічы Гарадоцкага раёна, што за 30 км на поўнач ад Віцебска. Суполка існуе дагэтуль і налічвае амаль 4 тысячы падпісчыкаў.  «Храм», у якім Крот праводзіў платныя хрышчэнні і адпяванні, уяўляў сабой звычайны пакой у жылым доме, шчыльна абвешаны абразамі. Скончылася тым, што Крот з'ехаў са здымнай кватэры ў Аршанскім раёне, прыхапіўшы з сабой адзенне, бытавую тэхніку гаспадароў, а таксама 6 абразоў і 8 царкоўных кніг.

Тады супраць яго распачалі справы за крадзеж і распаўсюд парнаграфіі, а таксама пачалі праверку наконт распусных дзеянняў супраць непаўналетніх. Скончылася “крыміналкай”. І, падобна, адседзеўшы прысуджаны тэрмін, фігурант зноў узяўся за старое.

Алена Папоўская