Леанід Аўтухоў зьвярнуўся ў дзяржкантроль пасьля таго, як няўдала паспрабаваў скарыстацца з паслугаў службы занятасьці. Хаця напачатку пэрспэктывы працаўладкавацца праз гэтую службу выглядалі аптымістычна: зьвярнуўшыся туды, Аўтухоў атрымаў накіраваньне на працу ў якасьці кіроўцы аўтамабіля на пошту. Таксама яму было выдадзенае накіраваньне на мэдычны агляд.
«Усе неабходныя працэдуры па згаданых накіраваньнях я добрасумленна выканаў. Пры гэтым аплаціў праезд і змарнаваў асабісты час. Насамрэч высьветлілася, што вышэйназваная вакансія адсутнічае», – распавёў Леанід Аўтухоў.
«Мяркую, што службовая асоба Сталярова Г.Л. наўмысна дала мне скажоную інфармацыю пра наяўнасьць у Гарадоцкім раённым вузьле паштовай сувязі унітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпошта” вакансіі кіроўцы аўтамабіля, – напісаў ён у Камітэт дзяржкантролю. – Таксама мяркую, што службовая асоба Камякова Л.М. Наўмысна дала мне скажоную інфармацыю пра адсутнасьць вакансіі. Сваімі дзеяньнямі Сталярова Г.Л. і Камякова Л.М. парушылі мае правы, у прыватнасьці права на працу і працаўладкаваньне з дапамогай дзяржавы, якія гарантаваныя мне артыкулам 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншымі дзейнымі законамі краіны».
Паводле лёгікі партыйнага актывіста, прынамсі адна зь дзьвюх начальніц, наконт якіх ён зьвярнуўся ў КДК, падманула яго, чым парушыла адміністрацыйны кодэкс. Бо адна сьцьвярджала, што ёсьць вакансія, а другая – што гэтай вакансіі няма. Таму кагосьці зь іх трэба было прыцягнуць да адказнасьці. Аднак у Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці палічылі па-іншаму.
Першы намесьнік старшыні камітэту Вадзім Заранкін паведаміў Аўтухову, што падставы для пачатку адміністрацыйнага працэсу адсутнічаюць: «Ня выяўлена доказаў, якія сьведчаць пра незаконнасьць дзеяньняў названых службовых асоб, а таксама пра наяўнасьць намеру ў скажэньні інфармацыі».
«Таксама інфармуем пра тое, што згодна з артыкулам 9.6 КаАП прыцягненьне службовай асобы да адміністрацыйнай адказнасьці магчымае ў выпадку адсутнасьці ў яго дзеяньнях складу злачынства. Такім чынам, пытаньне аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 9.6 КаАП можа разглядацца толькі пры наяўнасьці пастановы органу крымінальнага перасьледу аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы паводле артыкулу 204 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», – дадаў намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці.
Вось жа, як вынікае з паперы, атрыманай з КДК, скажэньне інфармацыі чыноўнікамі сапраўды мела месца. Але пры гэтым быццам бы ніхто не вінаваты. Цікава, а калі б гаворка вялася пра парушэньне адміністрацыйнага кодэксу кімсьці з апазыцыянэраў, да яго паставіліся б гэтаксама лагодна? Выходзіць, закон што дышаль?