Серада, 24 Чэрвень 2026

У Віцебску так і не могуць прадаць арыштаваны помнік архітэктуры

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Учора шматлікія СМІ раптам звярнулі ўвагу на дом №28 на вул. Камсамольскай, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Дакладней, на тое, што яго выставілі на аўкцыён за 536 тысяч рублёў. Але гэта ўжо чацвёртая спроба прадаць гэты будынак. Першая адбылася яшчэ 10 лютага гэтага года, калі гістарычны помнік быў ацэнены ў 1 340 000 рублёў.

На сайце гандлёвай пляцоўкі «Белюрзабеспячэнне» пазначана, што ўласнікам будынка з’яўляецца  Таварыства з абмежаванай адказнасцю "СК-ЕвроИнвест". Гэта віцебская будаўнічая кампанія, якая ў 2015 годзе набыла ахітэктурны помнік больш як за 4, 6 мільярды рублёў, заабавязаўшыся рэканструяваць яго пад гатэль. З тае пары будынак так і застаўся ў стане поўнага заняпаду.

Першы аўкцыён па продажы будынка не адбыўся з прычыны адсутнасці пакупнікоў. Другі і трэці таксама не адбыліся, хаця кошт нерухомасці паступова зніжалі. Цяпер ён зніжаны больш як у два з паловай разы.

Незвычайнае архітэктурнае аблічча гэтага дома заўсёды прыцягвала ўвагу віцяблян і гасцей горада. Меркавана, ён быў узведзены ў 1910-х гадах, найверагодней, яго праект праект быў створаны вядомым віцебскім архітэктарам Ціханам Кібардзіным. У 1950-я там  адбыўся першы і апошні капітальны рамонт. Дом паступова гібеў і ўрэшце быў прызнаны аварыйным, у 2010-11 гг. адсюль выселілі апошніх жыхароў.

Колішняя прапанова зрабіць у будынку гатэль застаецца абавязковай умовай для патэнцыйных пакупнікоў.  Што да ранейшага ўладальніка, то ТАА "СК-ЕвроИнвест" мае вялікія фінансавыя складанасці, і дом №28 на вул. Камсамольскай – не адзіная арыштаваная маёмасць таварыства. Так, дагэтуль не прададзена прыбудова да яго – будынак №26 па той самай вуліцы Камсамольскай. Як арыштаваная маёмасць на пляцоўцы «Белюрзабеспячэнне» пазначаны і яшчэ два гісторыка-культурных помніка – дамы №10 і №12 па вул. Дзімітрава, які ўваходзіць у гістарычную забудову гэтай вуліцы (канец ХІХ ст.) . Там планавалася зрабіць апартаменты і кавярню.

Віталь Агняцоў