Удзельнікі кампаніі падвялі вынікі анкетаваньня насельніцтва па якасьці мэдычнага абслугоўваньня, зь якога вынікае, што большасьць апытаных не задаволеная станам мэдыцыны ў абласным цэнтры - 36 адсоткаў. 30,6% хутчэй задаволеныя, 14,4% — зусім не задаволеныя. Рэспандэнты адзначаюць, што мэдычныя работнікі ставяцца да іх з раздражненьнем і абыякавасьцю — 43,2%, але 41,4% кажуць, што іх абслугоўваюць у паліклініках і лякарнях ветліва, уважліва. Пры тым, што 55,8% апытаных наведваюць мэдычныя ўстановы толькі некалькі разоў на год.
З праблемаў называюць наяўнасьць вялікіх чэргаў - 41,4%; цяжкасьці з атрыманьнем кансультацыяў вузкіх спэцыялістаў — 28,8%; цяжкасьці з атрыманьнем накіраваньняў — 21,6%; дрэнную арганізацыю працы рэгістратуры — 18%. Усе 100% апытаных карысталіся платнымі паслугамі. Галоўная прычына — неабходнасьць доўга чакаць бескаштоўныя паслугі, дасьледваньні — 36%; адсутнасьць патрэбных паслуг у паліклініцы — 27%; “не прапаноўвалі без аплаты” — 25,2%. Аплачвалі людзі і агляд—45%, інструмэнтар, прылады — 50,4%; лекі ў стацыянарах — 10,8%.
Апроч гэтага, існуюць ў Віцебску вялікія праблемы з будаўніцтвам новых паліклінік, даўно заплянаваных гарадзкімі ўладамі (Білева, Поўдзень-7), рамонтам шпіталя №2, інфэкцыйнай. У верасьні ўлады моўчкі скарацілі зь бюджэту гораду фінансаваньне аховы здароўя на 30%.
Усё гэта вельмі непакоіць людзей. Удзельнікі кампаніі мяркуюць паспрыяць вырашэньню згаданых праблем. Будуць складзеныя адмысловыя звароты ў Міністэрства аховы здароўя, гарадзкі выканкам, замаўляцца пікеты, звароты да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, мясцовы Савет.
Крыніца: Прэсавая служба БХД