Аўторак, 16 Снежань 2025

У віцебскім касцёле святога Антонія з галоўнай фрэскі зніклі яшчэ два персанажы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэтых двух жаўнераў, якіх мы бачым на здымку, ужо няма на фрэсцы. Яе падмалявалі, і ўжо не першы раз.

“На фрэсцы былі намаляваны двое жаўнераў, якія спяць. Яны сімвалізавалі рымскіх ахоўнікаў ля Труны Хрыста, якія праспалі Яго Уваскрасенне. Аднак жаўнеры былі апранутыя ў больш сучаснае вайсковае адзенне. Гэты элемент фрэскі меў такі сэнс: Святло пераможа цемру не дзякуючы мілітарнай сіле, але насуперак ёй, калі жаўнеры паснуць. Гэтыя фігуры таксама зніклі. Фрэску адцэнзуравалі ў той час, калі ў ідэалогіі беларускай дзяржавы ўзмацніўся культ мілітарызму – пасля 2020 года”, - піша katolik-life.

Як мы ўжо паведамлялі, раней выданне заўважыла, што з гэтай самай фрэскі знікла фігура жынчыны.

Фрэскі ў гэтым касцёле ў 2017 годзе стварыў мастак Уладзімір Кандрусевіч. Яны адразу сталі сенсацыяй: анёлы тут граюць на бас-гітары і саксафоне, а перад Паннай Марыяй і немаўлём выкладаюць дары людзі, вельмі падобныя да Уладзіміра Пуціна, былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы і Далай-ламы.

Сяргей Мудрэцкі