Аўторак, 12 Жнівень 2025

Год хатняй “хіміі” за забойства сабакі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жахлівая гісторыя адбылася ў  вёсцы Лучай Пастаўскага раёна. Мясцовы жыхар забіў сабаку на вачах дзяцей, зрабіўшы іх міжвольнымі саўдзельнікамі злачынства. Пастаўскі раённы суд вырашыў, што года  “хатняй хіміі” у якасці пакарання будзе дастаткова. Гэта значыць, вясковыя дзеці будуць штодня бачыць  забойцу  жывёлы  на волі.

У траўні да вёскі прыбіўся малы сабака. Ен не кідаўся на людзей, практычна не брахаў,  вяскоўцы яго падкормлівалі, а  дзеці з задавальненнем бавіліся з сабачкам.  Аднак жывёлу чамусьці неўзлюбіў 55-гадовы мужчына з гэтай вёскі. Неўзлюбіў настолькі, што вырашыў забіць.

 У стане алкагольнага ап'янення ён стаў лавіць жывёлу, але сабака як нешта прадчуваў - не даваўся ў рукі. Тады мужчына звярнуўся да дзяцей - папрасіў яму накінуць вяроўку на шыю, нібыта дзеля таго, каб завесці ў двор. Малыя, не разумеючы падману, пагадзіліся, а даверлівы сабака смела пайшоў у рукі да сваіх дружбакоў.

Але вясковец пацягнуў сабаку не ў двор, а ў сарай.  Разумеючы, што адбываецца нешта жазлівае, дзеці ў слязах пабеглі дадому і ўсё распавялі бацькам. Калі  маці аднаго з дзяцей першая прыбегла на месца здарэння, было ўжо позна. Агрэсар, прыціснуўшы нагой цела сабакі, зацягнуў пятлю. Смерць жывёлы наступіла ад механічнай асфіксіі.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у жорсткім абыходжанні з жывёлай. І абмежаваўся годам “хатняй хіміі” у якасці пакарання,хаця арт. 339-1 КК РБ прадугледжвае і арышт, і штраф, і зняволенне.

Артур Пачкоўскі