“Стас зламаў руку ў двух месцах, калі быў у Лугаўцах у летніку. Гіпс яму накладалі ў Воршы, у траўматалёгіі. Гэта быў вечар пятніцы, — згадвае Сьвятлана Міхайлаўна, маці пацярпелага хлопчыка. — Адправілі дадому ў Якубава. Рука балела, потым пачаў мяняцца яе колер. На выходных давялося выклікаць “хуткую”, прыехалі. Сказалі: “Чаго мы павінны езьдзіць? У яго пералом”. У “хуткую” я больш не зьвярталася, раз так сказалі. У панядзелак сама наняла машыну і павезла Стаса ў дубровенскую райбольніцу. Яшчэ ў Воршы сказалі, што гіпс празь некалькі дзён трэба зьняць і руку паглядзець. Але ў Дуброўне доктар на гэта адрэагаваў так: “Гіпс добра накладзены, навошта яго здымаць? А колер скуры такім і павінен быць”. На тое, што ў сына тэмпэратура, сказалі: “Папейце ібуфенчыку. Прасіла, каб хоць паглядзелі руку. А дактары — усё нармальна ды нармальна. Так вазілі сына ў больніцу і ў панядзелак, і ў аўторак. А ў сераду яны пабачылі чорную руку, самі спалохаліся, зьнялі гіпс і адправілі нас у Віцебск. А там сказалі, што позна. І дзіця руку страціла. Калі зьнялі гіпс — пайшоў хуткі кровазварот. Вельмі хутка разьвілася гангрэна. У Віцебску спачатку пра руку гаворкі не вялося — Стасу там жыцьцё ратавалі”.
Так на роўным месцы ў мірны час Стас страціў амаль усю левую канечнасьць. Тое, што ад рукі засталося, не відаць з-пад кароткага рукаўчыка майкі. Маці Сьвятлана Міхайлаўна вырашыла знайсьці вінаватых і не спускаць ім службовага легкадумства.
“Калі Стасу аднялі руку, Сьледчы камітэт і міліцыя адразу пачалі разьбірацца. Мне параілі пісаць скаргі, каб справу не спусьцілі на тармазах, — працягвае Сьвятлана Міхайлаўна. — Скаргі я склала ў пяць інстанцыяў аж да адміністрацыі прэзыдэнта. Адусюль папрыходзілі адказы. Аказалася, што дзіця з такой траўмай трэба было яшчэ на выходных пакінуць у шпіталі. Але гэтага не зрабілі. У Віцебску мне расказалі, што гіпс сёньня кладзецца рэдка, і трэба было накладаць лангету. Тады б і руку не пераціснула”.
Стас вярнуўся ў школу і спрабуе жыць па-новаму. У Менску яму робяць сьпецыяльны пратэз. Упраўленьне Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці распачало крымінальную справу паводле артыкулу “Неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдработнікам”. Якія менавіта ўчынкі з усяго букету мэдычнага легкадумства прывялі да трагедыі — у гэтым сьледзтва і разьбіраецца. Паводле згаданага артыкулу вінаватым пагражае штраф, папраўчыя працы, “хімія” ці пазбаўленьне права займацца мэдычнай дзейнасьцю.
Але праблема ня толькі ў тым, што дактары час ад часу страчваюць канцэнтрацыю. Паспрабуй трымаць сябе ў бездакорнай форме і самаўдасканальвацца, калі зарабляеш менш за таксіста. Натуральна, у раённых шпіталёх пры такой сытуацыі ёсьць сур’ёзныя праблемы з камплектаваньнем кадрамі. Праблема не абышла бокам і райбальніцу Дуброўна, дзе Стасу ў ключавы момант не праверылі тугі гіпс, на які дзіця скардзілася.
“Мабыць, дзесьці і ў нас бракуе ўсіх неабходных кваліфікаваных кадраў, хоць робім усё магчымае, забясьпечваем прыежджых спэцыялістаў жытлом, — апісвае сытуацыю Сьвятлана Рыжанская, намесьніца старшыні Дубровенскага райвыканкаму. — Маладыя дактары прыбываюць зь Віцебску, два-тры гады адпрацоўваюць і зьяжджаюць. Тэрапэўты і хірургі ў нас на вагу золата. Таму сёньня спрабуем рабіць стаўку на сваіх. У нас 12 выпускнікоў сёньня навучаюцца ў Віцебску. Хочацца спадзявацца, што вернуцца, застануцца і будуць працаваць”.
Пасьля таго, што здарылася са Стасам, у Дубровенскай больніцы правялі сваю праверку. Унутранае сьледзтва праводзілі і ў абласным упраўленьні аховы здароўя, і на ўзроўні Мінздароўя.
“Такое здарэньне ў нас упершыню, — канстатуе Сьвятлана Рыжанская. — У мяне ў самой сын, і пра гэта казаць вельмі цяжка. Напэўна, ролю тут мог адыграць і чалавечы фактар — дзесьці дактары недагледзелі. І ў Воршы, і ў Дуброўне. Часам здараецца так, што адна выпадковасьць прыводзіць да трагедыі. Таму не магу навешваць на канкрэтных людзей шыльды. Спадзяемся, што праваахоўныя органы расставяць кропкі над “і”. Галоўнае — зрабіць так, каб такога больш ніколі не паўтарылася”.
Крыніца: Эўрарадыё