«На працягу двух гадоў падвал дома знаходзіцца ў нездавальняючым санітарным стане. Ён запоўнены каналізацыйнымі сцёкамі, што стварае сур'ёзную пагрозу здароўю жыхароў, выклікае вельмі непрыемны пах, садзейнічае распаўсюджванню інфекцый і шкоднікаў. Шматлікія звароты ў адпаведныя службы вынікаў не далі, і праблема працягвае пагаршацца», -- пішуць людзі ў калектыўным звароце на імя старшыні Полацкага райвыканкама.
Яны спадзяюцца, што чарговая скарга хоць нешта зменіць да лепшага. Жыхары дома просяць арганізаваць работы па выдаленне засора ў трубах і ачыстцы памяшкання. Гэта мінімум. А максімум – гэта абследаванне каналізацыйнай сістэмы дома і пры неабходнасці - рамонт або замена зношаных камунікацый.
Фотаздымкі, якім чынам выглядае падвал у гэтым доме зараз, мясцовыя жыхары выклалі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». У каментарах чытачы раяць звярнуцца на тэлебачанне, каб пра сітуацыю даведалася як мага большая колькасць людзей. І тады, маўляў, адказныя службы проста будуць вымушаны звярнуць увагу на праблему.
Застаецца дадаць, што дом №23 па вуліцы Гогаля ў Полацку – гэта практычна цэнтр горада, але забудова тут не новая. І таму не дзіўна, што камунікацыіне вытрымліваюць доўгага тэрміну эксплуатацыі без рамонтаў.
У абласным Віцебску, да прыкладу, гэтую праблему прызналі ўжо даўно. Намеснік старшыні гарвыканкама Павел Шыкшнян падчас прыёму грамадзян сенатаркай Ірынай Ляўковіч паведаміў, што ў горадзе будзе запачаткаваная цэлая праграма «Падвалы». «Будем заходить в дом и полностью менять все сети в подвале, что позволит ликвидировать проблему утечек и подтоплений. На 2025 год уже наметили для таких работ около 60 домов, перечень которых после уточнения вывесим на официальном сайте горисполкома для информирования граждан. Это будем делать ежегодно в дополнение к программе капитального ремонта домов, а также ремонту кровель и швов, а на будущее предполагается выделять целевое финансирование на эти цели», -- сказаў чыноўнік. Але працы плануюць распачаць толькі ў наступным годзе.
Ніна Пісарава